Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік сустрэўся з італьянскімі футбалістамі
Святы Айцец
20.05.2016 17:40

20 мая Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі італьянскай Нацыянальнай Прафесійнай Лігі Серыі А і ігракамі футбольных клубаў «Ювэнтус» і «Мілан» перад фінальным матчам Кубка Італіі, які пройдзе на рымскім Алімпійскім стадыёне.

Пантыфік выказаў сваё станоўчае стаўленне да футболу і спорту ў цэлым і падкрэсліў, што футбалісты, за якімі сочыць такая вялікая колькасць прыхільнікаў, закліканы сваімі паводзінамі сведчыць пра сапраўдныя спартыўныя каштоўнасці і дэманстраваць найлепшыя якасці актыўных і мэтанакіраваных атлетаў.

Поспех каманды, перакананы Папа, залежыць ад цэлай сукупнасці якасцяў: гармоніі, адданасці, здольнасці да сяброўства і дыялогу, салідарнасці. «Гаворка ідзе пра духоўныя каштоўнасці, якія становяцца таксама спартыўнымі. Практыкуючы іх, вы зможаце зрабіць больш відавочнай сапраўдную мэту, да якой імкнецца свет спорту», — сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў сваім суразмоўцам, што кожны з іх, перш чым быць футбалістам, з’яўляецца чалавекам, са сваімі недахопамі і абмежаваннямі, але таксама са свядомасцю, асветленай адносінамі з Богам. Пантыфік заклікаў футбалістаў да братэрства, узаемапавагі, паразумення і здольнасці прабачаць і пажадаў, каб у кожным з іх чалавек гарманічна суіснаваў са спартсменам.

«Будзьце чэмпіёнамі ў спорце, але перш за ўсё ў жыцці!» — сказаў на заканчэнне Святы Айцец і пажадаў, каб «гульня ў футбол была станоўчым пасланнем для ўсяго грамадства».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.