Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак выдаў рэскрыпт аб інстытутах кансэкраванага жыцця
Святы Айцец
20.05.2016 17:31

20 мая ў Ватыкане быў апублікаваны рэскрыпт Папы Францішка за подпісам Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етро Параліна, які датычыць неабходнасці атрымання ўхвалы Святога Пасаду перад заснаваннем дыяцэзіяльнага інстытуту кансэкраванага жыцця.

Як адзначаецца ў дакуменце, «Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця мае свядомасць, што кожны новы інстытут кансэкраванага жыцця, у тым ліку і тады, калі нараджаецца і развіваецца ўнутры якога-небудзь мясцовага Касцёла – гэта заўсёды дар для ўсяго Касцёла». У той жа час там гучыць думка аб «неабходнасці пазбегнуць паўстання на дыяцэзіяльным узроўні новых інстытутаў кансэкраванага жыцця без дастатковага распазнання самабытнасці харызмату, які вызначае іх спецыфічныя рысы (...) і такім чынам адрознівае іх ад іншых і дае рэальную магчымасць развіцця». Менавіта па гэтай прычыне Кангрэгацыя выказала думку аб неабходнасці лепшага акрэслення патрабаванняў, якія гучаць у Каноне 579 Кодэксу Кананічнага Права, аб неабходнасці кіравання запыту да Апостальскай Сталіцы перад тым, як прыступіць да стварэння новага дыяцэзіяльнага інстытута.

Таму Святы Айцец Францішак, выслухаўшы меркаванне Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, 4 красавіка гг. пастанавіў, што папярэднюю кансультацыю Святога Пасаду трэба разумець як неабходную для сапраўднасці стварэння дыяцэзіяльнага інстытуту кансэкраванага жыцця, пры яе адсутнасці дэкрэт аб устанаўленні інстытуту з’яўляецца несапраўдным. Рэскрыпт увойдзе ў жыццё 1 чэрвеня 2016 г.

Канон 579 Кодэксу Кананічнага Права кажа, што дыяцэзіяльныя біскупы, кожны на сваёй тэрыторыі, могуць фармальным дэкрэтам засноўваць інстытуты кансэкраванага жыцця, але перад гэтым павінны пракансультавацца з Апостальскай Сталіцай.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.