Папа Францішак прыняў даверчыя граматы новых паслоў | Друк |
Святы Айцец
19.05.2016 14:36

Канфлікты і войны, міграцыя і прымусовае перамяшчэнне, а таксама няўпэўненасць, выкліканая эканамічнымі цяжкасцямі, змушаюць не толькі да разважання і дыскусіі пра пакуты людзей, але і да канрэтных знакаў салідарнасці з імі, лічыць Папа Францішак.

19 мая Святы Айцец прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе — дыпламатычных прадстаўнікоў Сейшэльскіх Астравоў, Тайланда, Эстоніі, Малаві, Замбіі і Намібіі.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Пантыфік заўважыў, што сённяшні свет «здаецца ўсё больш фрагментаваным і палярызаваным».

«Многія людзі імкнуцца ізалявацца перад абліччам цяжкасцяў рэальнасці. Яны баяцца тэрарызму і таго, што растучы наплыў мігрантаў радыкальна зменіць іх культуру, іх эканамічную стабільнасць і лад жыцця. Гэтыя страхі, якія мы разумеем і якія не можам так лёгка занядбаць, павінны быць пераадолены з мудрасцю і спачуваннем, каб правы і патрэбы кожнага паважаліся і падтрымліваліся», — сказаў Папа Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць дыпламатыі ў пошуку вырашэнняў мноства прычын, якія ляжаць у аснове актуальных канфліктаў. Пантыфік заклікаў да «пазбаўлення зброі тых, хто выкарыстоўвае насілле», а таксама да выкаранення гандлю людзьмі і наркатрафіку.

Гаворачы пра актуальную міграцыйную праблему, Папа Рымскі заклікаў падтрымліваць інтэграцыю, якая паважае тоеснасць мігрантаў і захоўвае культуру супольнасці, што іх прымае, і якая ўзбагачае абодва бакі.

«Гэта сутнасна важна. Калі непаразуменні і страхі пераважаюць — гэта значыць, што нешта ў нас саміх пашкоджана, нашы культуры, гісторыі і традыцыі аслаблі, а сам мір знаходзіцца пад пагрозай. Але калі мы падтрымліваем дыялог і салідарнасць, на індывідуальным і калектыўным узроўнях, тады лепш адчуваем чалавечнасць і забяспечваем трывалы мір для ўсіх, згодна з задумай Стварыцеля», — падкрэсліў Святы Айцец.

Апостальская Сталіца падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 180 краінамі свету, Еўрапейскім Саюзам, Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэнам, Арганізацыяй Вызвалення Палесціны, прымае ўдзел у розных міжнародных арганізацыях і праграмах, працы міжурадавых структур.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by