Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў вернікаў «не весці двайнога жыцця»
Святы Айцец
29.04.2016 14:44

Хрысціянін не можа ісці «дарогай цемры», бо на ёй няма «Божай праўды», сказаў Папа Францішак 29 красавіка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пракаментаваў частку Паслання св. Яна, у якой апостал заклікае вернікаў не весці двайнога жыцця — светлага звонку і цёмнага ўнутры, таму што Бог — гэта толькі святло.

«Калі кажаш, што маеш еднасць з Панам, — хадзі ў святле! Але не вядзі двайнога жыцця. Гэта падман, які мы прызвычаіліся бачыць, але таксама і трапляць у яго: казаць адно, а рабіць іншае. Заўсёды існуе гэта спакуса», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак нагададаў, што бацькам падману з'яўляецца сатана. Таму апостал з ласкавасцю дзядулі, які звяртаецца да ўнукаў, казаў «маладому Касцёлу»: «Не будзь ілгуном! Ты ў еднасці з Панам, таму хадзі ў святле. Рабі светлыя ўчынкі».

А нават калі нехта зграшыць, адзначыў Пантыфік, можа разлічваць на Божае прабачэнне і лагоднасць. «Мы маем Суцяшыцеля, Слова, заступніка, абаронцу перад Айцом: гэта Езус Хрыстус, Справядлівы. Ён нас апраўдвае, дае ласку, заўсёды, таму што Ён "большы за нашы грахі"», — сказаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Папа Францішак заклікаў вернікаў не хадзіць «адной нагой у святле, а іншай у цемры», не быць ілгунамі, не называць сябе справядлівымі, а зграшыўшы — быць упэўненымі, што Бог чакае і прабачае, паколькі з’яўляецца міласэрным. Трэба весці простае і празрыстае хрысціянскае жыццё, заклікаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.