Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апублікавана Апостальская адгартацыя на тэму любові ў сям’і
Святы Айцец
08.04.2016 14:18

8 красавіка была апублікавана другая Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Amoris Laetitia» (Радасць любові). Дакумент, прысвечаны любові ў сям’і, з’яўляецца плёнам працы Сінода Біскупаў, пасяджэнні якога праходзілі ў Ватыкане ў 2014 і 2015 гг.

Адгартацыя складаецца з дзевяці радзелаў. Яе лейтматыў — міласэрнасць і інтэграцыя.

Пачынаецца дакумент спасылкай на Божае слова аб прыгажосці саюзу паміж мужчынам і жанчынай. Затым Пантыфік узгадвае пра шматлікія выклікі, з якімі сутыкаюцца сучасныя сем’і: гаворка ідзе пра «антынараджальную» ментальнасць, праблемы з жыллём, злоўжыванні адносна непаўналетніх, «яшчэ больш абуральныя», калі здараюцца ў сям’і, школе або хрысціянскіх структурах.

Пантыфік звярнуў увагу на «юрыдычнае разбурэнне сям’і», якое заключаецца ў «спрошчаным прыраўноўванні да сужэнства» фактычных саюзаў або саюзаў паміж асобамі аднаго полу.

Сям'я і яе вобраз

Выклікамі, як гаворыцца ў дакуменце, з’яўляецца таксама сурагатнае мацярынства і гендэрныя ідыялогіі, якія навязваюць «адзінае мысленне». Перад абліччам усяго гэтага хрысціяне пакліканы даваць радаснае сведчанне аб сакрамэнтальным сужэнстве з блізкасцю да ўразлівых асобаў і ўказаннем «шляхоў да шчасця».

Непарыўнасць сужэнства не павінна разумецца ў якасці «цяжару», а сакрамэнт у якасці «пустога абраду, сацыяльнай канвенцыі», але ў якасці «дару для асвячэння і збаўлення сужэнцаў».
 
Шмат увагі ў адгартацыі звернута на адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. Гэты працэс павінен садзейнічаць «развіццю адказнай свабоды», спрыяць уменню чакаць і быць месцам сустрэчы паміж бацькамі і дзецьмі.

Сексуальнае выхаванне, паводле слоў Папы, павінна «вучыць любіць» і праводзіцца ў адпаведны для гэтага час. Гаворачы пра сем’і, якія перажываюць цяжкія сітуацыі, Папа Францішак адзначыў, што «не трэба чакаць ад адгартацыі новых агульных нормаў кананічнага тыпу, прыдатных для ўсіх выпадкаў».

Разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, Пантыфік заклікаў інтэгравацца ў жыццё каталіцкай супольнасці праз сацыяльную дзейнасць і малітоўныя сустрэчы. Яны не павінны адчуваць сябе «экскамунікаванымі», адлучанымі.

«Канфесіяналы не павінны быць катавальнямі»

Тое ж тычыцца і дысцыпліны сакрамэнтаў. Святы Айцец падкрэсліў, што «ў пэўных выпадках» дапамога Касцёла ў складаных сітуацыях «можа быць таксама сакрамэнтальнай». «Канфесіяналы не павінны быць катавальнямі», а «Эўхарыстыя — гэта не прэмія для дасканалых, але дапамога для слабых», нагадаў Пантыфік.

Касцёл не падтрымлівае «двайной маралі», але і маральныя законы не могуць быць «камянямі», кінутымі супраць вернікаў, сказана ў дакуменце.

Пантыфік заклікаў працягваць падтрымліваць поўны евангельскі ідэал сужэнства, але таксама прымаць «спачувальную логіку да слабых людзей», у адпаведнасці з «першынствам любові», якая не ставіць умоў для Божай міласэрнасці, але выказвае гатоўнасць зразумець, прабачыць, суправаджаць і інтэграваць.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.