Святы Айцец абмыў ногі мігрантам | Друк |
Святы Айцец
25.03.2016 11:17

Вечарам 24 сакавіка Папа Францішак узначаліў Імшу Вячэры Пана ў цэнтры для мігрантаў, якія чакаюць атрымання прытулку ў Італіі. Святы Айцец знаходзіцца ў Кастэльнуова-дзі-Порта, прадмесці Рыма.

Літургія праходзіла пад адкрытым небам, а алтар быў размешчаны пад адмыслова ўзведзеным намётам.

Згодна з парадкам Імшы Вячэры Пана Святы Айцец абмыў ногі дванаццаці асобам: чатыром католікам з Нігерыі, тром праваслаўным коптам з Эфіопіі, вызнаўцу індуізму, тром мусульманам з Сірыі, Пакістана і Малі, а таксама супрацоўніцы цэнтра — італьянскай каталічцы.

У гаміліі Папа супрацьпаставіў два жэсты, пра якія кажа Евангелле: абмыццё Езусам ног апосталаў і ўчынак Юды, які не жадаў міру з Хрыстом і таму пайшоў да Яго ворагаў, каб атрымаць грошы за здраду.

«Учынкі кажуць больш за словы», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа Францішак супрацьпаставіў таксама два актуальныя жэсты: жаданне міру і братэрства вызнаўцаў розных рэлігій, прысутных на Імшы, і жэсты «вайны і разбурэння», якія ўчынілі «тры дні таму» ў «адным з гарадоў Еўропы» людзі, якія не жадаюць жыць у міры. За гэтым жэстам, паводле слоў Папы, стаяць гандляры зброяй, якія хочуць вайны, а не міру і братэрства.

«Мы розныя, маем розныя культуры і рэлігіі, але мы ўсе браты і хочам жыць у міры. Кожны з вас мае сваю гісторыю: шмат крыжоў, шмат болю, але таксама адкрытае сэрца, якое прагне братэрства. Няхай кожны на сваёй рэлігійнай мове памоліцца Богу, каб гэтае братэрства перадалася па свеце, каб не было тых 30 манет, за якія можна забіць брата, каб заўсёды былі братэрства і дабрыня», — заклікаў Святы Айцец.

На дадзены момант у цэнтры для мігрантаў у Кастэльнуова-дзі-Порта пражывае 892 чалавекі — прадстаўнікі 26 нацыянальнасцяў. Пераважную большасць з іх складаюць мусульмане. Трэцяя часта — хрысціяне розных канфесій, а таксама два вызнаўцы індуізму.

Яшчэ раніцай у цэнтр для мігрантаў былі дастаўлены падарункі ад Святога Айца: каля 200 велікодных шакаладных яек, драўляныя шахматы, мноства футбольных і бейсбольных мячоў. На працягу ўсяго дня перад літургіяй у гасцей цэнтра была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by