Шведcкую брыгітку, якая хавала яўрэяў і фашыстаў, кананізуюць | Друк |
Дзяржава Ватыкан
15.03.2016 11:44

Папа Францішак зацвердзіў другі цуд благаслаўлёнай Марыі Альжбеты Хэссельблад O.Ss.S., якая аднавіла супольнасць сясцёр брыгітак у Швецыі і ўратавала жыццё больш чым 60 людзям.

Марыя Альжбета нарадзілася ў пратэстанцкай сям'і на радзіме брыгітак — у Швецыі ў 1870 годзе, эмігравала ў ЗША і працавала там у шпіталі, дзе паступова схілілася да каталіцкай духоўнасці і перайшла ў каталіцтва ва ўзросце 32 гадоў.

Яна вярнулася ў Еўропу, дзе натхнілася прыкладам сярэднявечных манахінь з ордэну Святога Збаўцы святой Брыгіты, які цалкам перастаў існаваць на радзіме, калі шведскія каралі вырашылі адмовіцца ад каталіцкай веры на карысць пратэстантызму.

У 1906 годзе Папа Пій Х даў Марыі Альжбеце дазвол прыняць манаскія абяцанні старога ордэну і насіць хабіт брыгітак. Галоўнымі мэтамі яе дзейнасці было дапамагаць хворым і старым, а таксама спрыяць аднаўленню еднасці скандынаўскіх хрысціян са Святым Пасадам. Брыгіткі сталі працаваць у Швецыі, Брытаніі, Італіі і Індыі.


Падчас Другой сусветнай вайны Марыя Альжбета Хэссельблад кіравала кляштарам у Рыме, які ў 1943 годзе акупавалі нямецкія войскі. На шэсць месяцаў настаяцельніца адчыніла дзверы кляштара для ўсіх уцекачоў — як для сем'яў італьянскіх яўрэяў, так і для сем'яў італьянскіх фашыстаў. Найбольшая небяспека пагражала яўрэям, але ніводзін чалавек не распавёў пра іх нямецкім нацыстам.

У 2004 годзе ізраільскі інстытут па вывучэнні Халакоста «Яд ва-Шэм» назваў яе «праведніцай народаў свету» за яе заслугі.

Памерла Марыя Альжбета ў 1957 годзе, а працэс яе кананізацыі пачаўся ў 1987-м. У 2000 годзе быў прызнаны першы цуд праз яе заступніцтва, і адбылася беатыфікацыя жанчыны, якая стала гонарам Касцёла і сваёй Бацькаўшчыны.

Аляксандр Гелагаеў паводле Сatholicherald.co.uk

 
© 2003-2024 Catholic.by