Святы Пасад афіцыйна пацвердзіў візіт Папы ў Польшчу | Друк |
Святы Айцец
13.03.2016 16:55

12 сакавіка быў афіцыйна пацверджаны візіт Папы Францішка ў Польшчу. «З нагоды наступных Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Кракаве, прымаючы запрашэнне вышэйшых уладаў Рэспублікі і польскіх біскупаў, Яго Святасць Францішак адправіцца з пастырскім візітам у Польшчу з 27 па 31 ліпеня 2016 года», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве Прэс-службы Святога Пасаду.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве адбудуцца 26-31 ліпеня пад дэвізам «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Ім будуць папярэднічаць дыяцэзіяльныя Дні моладзі, якія пройдуць 20-25 ліпеня па ўсёй Польшчы.

У верасні 2015 г. Папа Францішак скіраваў пасланне да будучых удзельнікаў Сусветных дзён моладзі. Пантыфік адзначыў, што моладзевы форум у Кракаве будзе першым пасля кананізацыі яго заснавальніка – Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, ён пройдзе ў рамках Юбілею Міласэрнасці. Папа нагадаў, што міласэрнасць з’яўляецца не абстрактнай ідэяй або сентыментальнасцю, але канкрэтнай рэальнасцю, у якую ўключана прабачэнне.

Святы Айцец заклікаў моладзь часцей прыступаць да сакрамэнту пакаяння, адзначыўшы, што канфесіянал – месца міласэрнасці, у якім можна патрапіць у абдымкі Бога. Божая міласэрнасць – «вельмі канкрэтная і патрабавальная жыццёвая праграма», якая прадугледжвае справы, сярод якіх самая складаная – гэта прабачэнне тых, хто нас абразіў, хто прычыніў нам боль, хто з’яўляецца нашым ворагам, напісаў Папа.

Сусветныя дні моладзі 2016 года ў трэці раз супадуць з юбілейным годам у Каталіцкім Касцёле. У 1984 г. форум праходзіў у рамках Юбілею Адкуплення, а ў 2000 г. – у рамках Вялікага Юбілею Хрысціянства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by