Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа Францішак наведаў цэнтр лячэння наркаманаў
Святы Айцец
27.02.2016 16:48

26 лютага Папа Францішак наведаў супольнасць св. Карла каля Рыма, якая з’яўляецца часткай «Італьянскага цэнтра салідарнасці» (CEIS). Задачы гэтай установы – прадухіленне і процідзеянне сацыяльнай ізаляцыі людзей, перш за ўсё тых, якія трапілі ў пастку наркаманіі.

Гэта быў неаб’яўлены візіт, які адбыўся ў рамках «пятніц міласэрнасці». Іх Пантыфік практыкуе ў Святы Год Міласэрнасці, што працягваецца ў Касцёле.

Папа не спяшаючыся размаўляў з кожным з маладых людзей, якія праходзяць лячэнне ў цэнтры. Сваім візітам Пантыфік жадаў падкрэсліць, што ніколі нельга страціць надзеі на Божую міласэрнасць, якая суправаджае чалавека нават у цёмны час яго жыцця і дазваляе яму аднавіць годнасць, сказаў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, які суправаджаў Святога Айца.

Візіт у цэнтр для наркаманаў цесна звязана з нядаўняй пілігрымкай Папы ў Мексіку, падчас якой Пантыфік рашуча асудзіў гандаль наркотыкамі і ўсе заганы, звязаныя з гэтым злачынствам.

Тэрапеўтычны цэнтр св. Карла ў Кастэль Гандольфа быў створаны ў 1980 г. у рамках «Праекту чалавек» і знаходзіцца ў доме, ахвяраваным супольнасці Янам Паўлам II, які асабіста наведаў гэтае месца ў 1983 г. Сёння тут праходзяць лячэнне 55 чалавек.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 26.09.2016
  • 25.09.2016
  • 24.09.2016
  • 23.09.2016
  • 22.09.2016