Папа Францішак звярнуў увагу на беспрэцэдэнтныя крокі Касцёла для абароны дзяцей | Друк |
Святы Айцец
19.02.2016 15:05

18 лютага падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Мексікі ў Рым Папа Францішак звярнуў увагу, як шмат у Касцёле ў апошнія гады было зроблена для барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі адносна непаўналетніх.

Пантыфік нагадаў пра нядаўна створаную Папскую камісію па абароне непаўналетніх і рэарганізацыю ў Кангрэгацыі Веравучэння, якая займаецца гэтымі пытаннямі. Святы Айцец нагадаў таксама пра заслугі Бэнэдыкта XVI, які, будучы прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, прадпрымаў рашучыя крокі, каб ачысціць Касцёл і дакладна высветліць такога роду злачынствы.

Папа прызнаўся, што ініцыяваў наступныя крокі для больш эфектыўнай працы па гэтай праблеме. Пасля размоў з Дзяржаўным Сакратаром і Радай кардыналаў Пантыфік вырашыў прызначыць трэцяга намесніка сакратара Кангрэгацыі Веравучэння, які будзе займацца выключна пытаннямі злоўжыванняў адносна непаўналетніх.

«Гэта нешта страшнае, калі святар, пасвечаны, каб прыводзіць дзіця да Бога, “пажырае” яго ў д’ябальскай ахвяры, нішчыць», — сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by