Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай: Бог абуджае надзею ў пакутуючых і абяздоленых
Святы Айцец
14.02.2016 12:37

13 лютага Папа Францішак наведаў санктуарый Маці Божай Гвадэлупскай – апякункі Мексікі і ўсяго лацінаамерыканскага кантынента. Тут Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю, падчас якой заклікаў мексіканскіх вернікаў наследаваць прыклад св. Хуана Дыега – сведкі аб'яўлення Маці Божай, які пасля навяртання стаў Яе сапраўдным пасланнікам для свайго народа і свету.

Гэтая гісторыя, паводле слоў Пантыфіка, дазваляе зразумець, што і самыя сціплыя могуць стаць інструментам для будавання санктуарыя Божага. “Санктуарый Божы – гэта жыццё Яго дзяцей, усіх і ва ўсіх сітуацыях, асабліва моладзі, якая не мае будучыні, падвергнутай сітуацыям цярпення, рызыкам, а таксама пажылых людзей, якія не атрымліваюць прызнання і з'яўляюцца забытымі ў розных кутках”, - сказаў Папа. Святы Айцец дадаў, што санктуарыем Божым з'яўляюцца абліччы многіх людзей, якіх сустракаем на жыццёвым шляху.

Пантыфік нагадаў, што “Бог абуджае надзею ў самых малых, пакутуючых, абяздоленых і маргіналізаваных: усіх, хто адчувае, што не мае годнага месца на гэтай зямлі”. “Гэта дае нам надзею, што слёзы пакутуючых не застануцца бясплоднымі. Гэта маўклівая малітва, якая ўзыходзіць на Неба і якая заўсёды трапляе пад плашч Марыі. У Ёй і з Ёй Бог становіцца братам і спадарожнікам, нясе з намі нашы крыжы, каб не дазволіць нашым пакутам прыгнеціць нас”, - адзначыў Папа.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў быць пасланнікамі Маці Божай і спадарожнікамі на шляху іншых людзей. У санктуарыі Папа правёў некаторы час у прыватнай малітве перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай, якой на знак сыноўскай адданасці ахвяраваў залатую карону.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 25.07.2016
  • 24.07.2016
  • 23.07.2016
  • 22.07.2016
  • 21.07.2016