Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа заклікаў мексіканскіх палітыкаў заўсёды ставіць на першае месца супольнае дабро
Святы Айцец
14.02.2016 12:25

13 лютага Папа Францішак пачаў афіцыйную праграму свайго падарожжа ў Мексіку. Першым пунктам стала рэзідэнцыя Прэзідэнта краіны – Нацыянальны палац, якую раней не наведваў ніводзін Пантыфік.

Тут Святы Айцец сустрэўся з кіраўніком дзяржавы, мексіканскімі палітыкамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.

Мексіка – вялікая краіна, благаслаўлёная вялікімі прыроднымі багаццямі, біялагічнай разнастайнасцю, разнастайным этнічным складам насельніцтва і культурным багаццем. Усё гэта з’яўляецца спадчынай, якую трэба цаніць, стымуляваць і бараніць, падкрэсліў Папа.

Галоўным багаццем Мексікі Пантыфік назваў моладзь, якая складае крыху больш за палову насельніцтва краіны. Папа заклікаў палітыкаў клапаціцца аб будучых пакаленнях мексіканцаў і заўсёды ставіць на першае месца супольнае дабро. “Досвед нам паказвае, што кожны раз, калі шукаем шляху прывілеяў ці выгодаў для выбранага кола людзей за кошт дабра ўсіх, рана ці позна грамадскае жыццё ператвараецца ў глебу, прыдатную для карупцыі, наркатрафіку, адчужэння розных культур, насілля і нават гандлю людзьмі, выкраданняў і смерці, якія выклікаюць пакуты і запавольваюць развіццё”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў усіх, пачынаючы ад хрысціян, да будавання грамадства, у якім ніхто не будзе адчуваць сябе ахвярай культуры адчужэння. Па словах Папы, трэба забяспечыць доступ усіх грамадзян да неад’емных матэрыяльных і духоўных дабротаў: належнага жылля, годнай працы, харчавання, сапраўднай справядлівасці, надзейнай бяспекі, здаровага і мірнага асяроддзя. Гэта, паводле Святога Айца, пытанне не законаў, але суадказнасці кожнага чалавека за развіццё краіны.

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік запэўніў мексіканскія ўлады ў падтрымцы з боку Каталіцкага Касцёла ў дасягненні гэтых мэтаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 26.05.2016
  • 25.05.2016
  • 24.05.2016
  • 23.05.2016
  • 22.05.2016