Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўзгадаў прыклад пакорлівасці Яна Хрысціцеля
Святы Айцец
05.02.2016 17:08

«Найвялікшы з людзей, справядлівы і святы, які рыхтаваў народ да прыйсця Збаўцы, памёр у самоце, у цёмнай вязніцы, абезгалоўлены з-за помслівай нянавісці», – так Святы Айцец пракаментаваў урывак з Евангелля, што распавядае пра смерць Яна Хрысціцеля, 5 лютага падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

 «Аднак такім чынам Бог перамагае», – адзначыў Папа Францішак.

Пантыфік паспрабаваў зазірнуць у душу Яна Хрысціцеля – «найвялікшага з людзей, народжанага ад жанчыны», голасу ў пустыні, таго, хто хрысціў натоўпы ў імя Месіі, які, аднак, апынуўся ў вязніцы, у тым ліку ў вязніцы сваіх сумніваў: «Магчыма, я памыліўся? Я падмануў народ?» Ад такіх думак, як адзначыў Папа Францішак, пакутаваў гэты чалавек.

«Прынізіцца, прынізіцца, прынізіцца – такім было жыццё Яна», – сказаў Святы Айцец.

«Вялікі чалавек, які шукаў не сваёй хвалы, але Божай, і які памёр так празаічна і незаўважна. Менавіта такімі паводзінамі, – заключыў Пантыфік, – ён падрыхтаваў дарогу Хрысту, які таксама памёр у турбоце, самотны, без сваіх вучняў».

Святы Айцец заклікаў уважліва прачытаць гэты ўрывак з Евангелля паводле Марка (Мк 6, 14-29), каб убачыць Божую перамогу, прасіць аб ласцы сціпласці, якой вызначаўся святы Ян, і ніколі не прыпісваць сабе заслуг іншых.

Аднак асаблівым чынам, дадаў Папа, важна прасіць Бога, каб у нашым жыцці было месца для Хрыста і каб мы заўсёды імкнуліся да пакорлівасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.