Святы Айцец прыняў з візітам Ранальдзіньё | Друк |
Святы Айцец
04.02.2016 17:06

3 лютага Пантыфік прыняў дэлегацыю з Папскага фонду «Scholas Occurentes». У склад дэлегацыі ўваходзіў знакаміты бразільскі футбаліст Ранальдзіньё.

«Scholas Occurentes» – міжнародная сетка школ, якая паўстала ў Аргенціне па ініцыятыве самога Папы Францішка ў той час, калі Святы Айцец быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей садзейнічаць выхаванню дзяцей і моладзі праз спорт, навуку і сучасныя тэхналогіі. Адным з фундаментальных прынцыпаў Папа назваў гармонію, бо, калі гаворка ідзе пра адукацыю, «трэба казаць пра ўсё багацце чалавечай асобы». У тым ліку, чалавек павінен вучыцца адкрываць годнасць любові, дадаў Святы Айцец.

Гармонія, паводле Папы, павінна быць злучана з крэатыўнасцю. Мастацтва, спорт, культура, музыка – гэта тыя сферы, дзе адбываецца выхаванне асобы.

Папа Францішак заклікаў выхоўваць у моладзі непрыняцце розных форм адчужэння іншых людзей: эканамічнай, палітычнай, культурнай.

Пасля знаёмства з праектамі і ініцыятывамі фонду «Scholas Occurentes» Святы Айцец анансаваў правядзенне дзвюх дабрачынных спартыўных ініцыятыў: баксёрскага паядынку паміж каталіцкім і мусульманскім спартсменамі, які адбудзецца ў Лас Вегасе 7 мая, а таксама «Матчу за мір», які пройдзе 29 мая на рымскім Алімпійскім стадыёне пры ўдзеле зорак сусветнага футболу.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by