Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак выступае супраць абстрактнасці харызматаў
Святы Айцец
03.02.2016 12:24

2 лютага Папа Францішак узначаліў святую Імшу з нагоды Дня кансэкраванага жыцця. У літургіі, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы, прынялі ўдзел тысячы законнікаў і законніц з розных краін свету. Яны сабраліся ў Рыме на некалькі дзён раней, каб прыняць удзел у завяршальных мерапрыемствах Года кансэкраванага жыцця, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 30 лістапада 2014 г.

У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што Дзень кансэкраванага жыцця традыцыйна адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана. Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі яно яшчэ называецца «святам сустрэчы». У сувязі з гэтым Папа падкрэсліў, што кансэкраваныя асобы павінны быць адкрытымі на сустрэчу з іншымі, а для гэтага важна быць адкрытымі на сустрэчу з Богам.

Папа Францішак нагадаў, што Бог, дзеля сустрэчы з людзьмі, прыняў іх аблічча ў сваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён не застаўся па-за драмай чалавека, пажадаў падзяліць яго жыццё, адзначыў Пантыфік і дадаў, што кансэкраваныя асобы пакліканы быць жывым знакам гэтай блізкасці Бога да людзей нашай эпохі, асабліва самых бедных і пакутуючых.

Пантыфік запрасіў іх захаваць пачуццё захаплення ад сустрэчы з Панам і папярэдзіў аб шкоднасці прызвычаенасці ў духоўным жыцці, «крышталізацыі» харызматаў у абстрактную дактрыну. «Нашы заснавальнікі, якіх вёў Дух, не баяліся забрудзіць рукі штодзённым жыццём, праблемамі людзей, з адвагай праходзячы праз геаграфічныя і экзістэнцыйныя перыферыі. Не спыніліся перад перашкодамі і неразуменнем з боку іншых, бо захоўвалі захапленне сустрэчай з Хрыстом», — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў кансэкраваных асобаў дзякаваць Богу за дар свайго паклікання.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.