Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падкрэсліў веліч культуры і мудрасці Кітая
Святы Айцец
03.02.2016 12:17

Папа Францішак даў вялікае інтэрв’ю Asia Times, грамадска-палітычнаму інтэрнэт-выданню, зарэгістраванаму ў Ганконгу. Пантыфік выказаў захапленне культурай і невычэрпнай мудрасцю Кітая. «Трэба прызнаць веліч кітайскага народа, які заўсёды захоўваў сваю культуру», — сказаў Папа і ўдакладніў: «Я не гавару пра ідэалогіі».

Папа Францішак з гумарам узгадаў пра тое, што менавіта з Кітая былі завезены ў Італію спагецці. Пантыфік таксама падкрэсліў, што меў магчымасць знаходзіцца ў паветранай прасторы краіны падчас свайго падарожжа ў Шры-Ланку і на Філіпіны ў студзені 2015 г.

Святы Айцец нагадаў пра каштоўны прыклад каталіцкага місіянера Матэа Рычы, які ў XVI ст. распаўсюджваў Евангелле на тэрыторыі Кітая і навучыў неабходнасці дыялогу ў адносінах з гэтай краінай. Папа Францішак заўважыў у той жа час, што весці дыялог азначае не сыходжанне на шлях кампрамісаў, а сумеснае стварэнне і будаванне.

Паводле Пантыфіка, механізмы самаабароны і агрэсіўная пазіцыя могуць прывесці да войнаў. Святы Айцец перакананы, што Кітай можа зрабіць важны ўнёсак ва ўмацаванне мірнай раўнавагі ў свеце. «Заходні свет, усходні свет, Кітай — усе маюць магчымасць захоўваць мірную раўнавагу і сілу ажыццяўляць гэта. Мы павінны знайсці шлях. Заўсёды праз дыялог, бо іншага няма», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак лічыць, што ў свеце не павінна быць падзелу на зоны ўплыву з пазіцыі сілы. Гэта тое, што «адбылося ў Ялце, і мы бачылі вынікі гэтага», дадаў Пантыфік. Ялцінская перспектыва, паводле Святога Айца, заключаецца ў «раздзяленні торта», якім з’яўляюцца чалавецтва і культуры, на маленькія часткі.

Кітайскую палітыку «адзінага дзіцяці» Пантыфік назваў «балючым пытаннем». Папа заклікаў кітайскі народ «прымірыцца са сваёй гісторыяй, сваімі дасягненнямі і памылкамі», бо гэта вядзе да «сталасці і росту». «Гэта здаровая прыкмета, калі народ мае міласэрнасць у адносінах да самога сябе», гэта «шляхетнасць душы», якая «дазваляе ўсміхацца і крочыць наперад», адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік пераказаў віншаванні народу і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну з нагоды кітайскага Новага года, які будзе адзначацца 8 лютага.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.