Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец завяршыў падарожжа ў Афрыку Імшой у Бангі
Святы Айцец
30.11.2015 17:43

30 лістапада Папа Францішак у межах візіту ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку ўзначаліў святую Імшу на тэрыторыі велізарнага спартыўнага комплекса ў сталіцы краіны Бангі. Пантыфік заклікаў да сяброўства, дыялогу, прабачэння і адказнасці за будаванне больш справядлівага і братэрскага грамадства.

Хрысціяне Цэнтральнай Афрыкі пакліканы быць рамеснікамі «чалавечага і духоўнага абнаўлення сваёй краіны», перамагаючы абыякавасць, насілле і інстынкт разбурэння, які на працягу апошніх гадоў характарызаваў гэтую частку кантынента, адзначыў Папа падчас Эўхарыстыі.

Святая Імша прайшла ў радаснай атмасферы: з музыкай і харэаграфіяй, уласцівымі інкультурацыі хрысціянства ў афрыканскі кантэкст. Перад чытаннем літургічнага ўрыўку з Евангелля прагучала традыцыйная кампазіцыя на афрыканскім барабане, якая абвяшчае аб надыходзе важнай навіны. У працэсіі ахвяравання дароў вернікі неслі экзатычныя фрукты. Пастарал, які выкарыстоўваў Святы Айцец, быў зроблены з распаўсюджанага тут чорнага дрэва і быў падараваны парафіяльнай супольнасцю мясцовай архікатэдры.

У гаміліі Папа звярнуў увагу на важнасць збірання вакол Бога, асабліва ў сітуацыях няўпэўненасці, цяжкасцяў ці страху, «каб радавацца Яго прысутнасці, новаму жыццю і збаўленню, якое Ён прапануе ў якасці іншага берагу, на які павінны перабрацца». «Гэтым “іншым берагам”, канешне, з’яўляецца вечнае жыццё, Неба, дзе нас чакаюць», - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што менавіта ўзіранне ў будучы свет заўсёды падтрымлівала мучаніцтва хрысціян, самых бедных і малых у іх жыццёвым пілігрымаванні. «Вечнае жыццё – гэта не ілюзія, не ўцяканне ад свету. Яно з’яўляецца моцнай рэчаіснасцю, якая нас кліча і абавязвае да трывання ў веры і любові», - адзначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што кожны ахрышчаны павінен пазбаўляцца таго, што ў ім засталося ад «старога, грэшнага чалавека, заўсёды гатовага адгукнуцца на заклік злога – і таго, што ён чыніць у нашым свеце і ў гэты час канфліктаў, нянавісці і вайны – які вядзе да эгаізму, закрытасці ў сабе і недаверу, насілля і інстынктаў знішчэння, помсты, пагарды і эксплуатацыі слабейшых».

Папа заклікаў вернікаў Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі трываць у місійным энтузіязме. «Кожны з нас пакліканы быць пасланнікам, якога наш брат, незалежна ад яго этнічнага паходжання, рэлігіі і культуры, чакае, часта нават не ведаючы аб гэтым», - сказаў Святы Айцец.

Эўхарыстыя ў Бангі стала апошнім пунктам Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Афрыку. Пасля яе заканчэння Пантыфік накіраваўся ў аэрапорт, адкуль вылецеў у Рым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.