Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа наведаў мячэць у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і заклікаў да міру
Святы Айцец
30.11.2015 17:33

Аб неабходнасці супольнага асуджэння нянавісці, помсты і насілля, якія здзяйсняюцца ў імя рэлігіі, казаў Папа Францішак 30 лістапада падчас сустрэчы з мусульманскай супольнасцю Бангі. Пантыфік наведаў мусульманскі квартал сталіцы ЦАР і мячэць.

Бог – гэта супакой, і той, хто называе сябе веруючым, павінен быць чалавекам супакою, сказаў Святы Айцец.

«Як хрысціяне і мусульмане мы з’яўляемся братамі. Мы павінны прызнаваць сябе такімі і паводзіць сябе, як браты», - падкрэсліў Папа. Пантыфік нагадаў, што хрысціяне, мусульмане і прадстаўнікі іншых традыцыйных рэлігій на працягу доўгага часу жылі ў міры паміж сабой.

Папа заклікаў спыніць дзеянні, як з аднаго, так і з другога боку, якія скажаюць аблічча Бога і на самой справе маюць на мэце абарону ўласных інтарэсаў любым коштам і за кошт супольнага дабра.

Святы Айцец выказаў удзячнасць у адрас хрысціянскіх і мусульманскіх лідараў, якія адыгралі важную ролю ў аднаўленне згоды і братэрства паміж вызнаўцамі гэтых рэлігій. «Мы можам узгадаць пра шматлікія жэсты салідарнасці, якія чынілі хрысціяне і мусульмане ў адносінах да сваіх землякоў іншых веравызананняў, прымаючы іх і баронячы падчас апошняга крызісу, у вашай Айчыне, а таксама ў іншых частках свету», - сказаў Папа.

Пантыфік у чарговы раз выказаў вялікія спадзяванні на перамовы паміж усімі бакамі цэнтральнаафрыканскага грамадства, якія пройдуць праз некалькі тыдняў. «Горача вас заклікаю, каб ваша краіна стала гасцінным домам для ўсіх сваіх дзяцей, незалежна ад іх этнічнага паходжання, палітычных ці рэлігійных поглядаў. Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка знаходзіцца ў самым сэрцы Афрыкі і дзякуючы супрацоўніцтву паміж усімі сваімі дзецьмі яна можа даць імпульс у гэтай справе ўсяму кантыненту. Няхай яна станоўча паўплывае на яго і дапаможа ў тушэнні існуючых на ім пажараў напружанасці, якія перашкаджаюць афрыканцам карыстацца плёнамі развіцця, якога заслугоўваюць і на якое маюць права», - сказаў Папа.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік заклікаў да малітвы і дзейнасці на карысць паяднання, братэрства і салідарнасці паміж усімі, не забываючы пра людзей, якія найбольш пацярпелі ў выніку канфлікту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.