Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы: «Прыбываю як пілігрым міру»
Святы Айцец
29.11.2015 17:10

«Я прыбываю як пілігрым міру і прадстаўляю сябе як апостала надзеі», - з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да палітычнага кіраўніцтва Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса падчас візіту ветлівасці ў Прэзідэнцкі палац у Бангі.

Пантыфік прыбыў у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку – трэці пункт свайго візіту ў Афрыку – 29 лістапада.

Святы Айцец высока ацаніў намаганні, прыкладзеныя шматлікімі нацыянальнымі і міжнароднымі ўладамі для паступовай нармалізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Папа ўсклаў вялікую надзею на маючыя адбыцца пра некалькі тыдняў перамовы паміж рознымі канфліктуючымі бакамі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, каб яна магла «ўвайсці ў новую фазу сваёй гісторыі».

У якасці арыенціру, да якога неабходна імкнуцца, Пантыфік указаў на дэвіз краіны, што выражае ідэалы, аб якіх марылі яе айцы-заснавальнікі: «Адзінства – Годнасць – Праца». «Сёння, больш чым учора, гэтая трылогія выражае памкненні кожнага цэнтральнаафрыканца і такім чынам з’яўляецца компасам для ўладаў, якія маюць заданне кіраваць лёсам краіны», - падкрэсліў Святы Айцец.

Гаворачы пра важнасць адзінства, Папа заўважыў, што ў цэнтральнаафрыканскім кантэксце яно заключаецца ў тым, каб жыць і будаваць краіну, абапіраючыся на цудоўную разнастайнасць навакольнага свету, пазбягаючы спакусы страху перад іншым, перад тым, што не блізкае, не належыць да ўласнай этнічнай групы, палітычных рашэнняў і рэлігійнай прыналежнасці. «Наадварот, адзінства патрабуе стварэння і падтрымкі сінтэзу багаццяў, носьбітам якога з’яўляецца кожны. Адзінства ў адметнасцях – гэта пастаянны выклік, які патрабуе крэатыўнасці, шчодрасці, самаадрачэння і павагі да іншых», - сказаў Пантыфік.

Годнасць, па словах Святога Айца, з’яўляецца сінонімам сумленнасці, законнасці, ласкі і гонару, якія характарызуюць людзей, што ўсведамляюць свае правы і абавязкі і ўзаемна паважаюць іх. Неабходна клапаціцца пра годнасць кожнага чалавека. «Хто мае сродкі, каб весці годнае жыццё, замест таго, каб клапаціцца пра ўласныя прывілеі, павінен імкнуцца дапамагаць больш бедным і даваць ім доступ да жыццёвых умоваў, паважлівых да годнасці чалавека, асабліва клапоцячыся пра развіццё чалавечага, культурнага, эканамічнага і сацыяльнага патэнцыялу», - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў пра важнасць гарантавання доступу да адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, барацьбы з голадам і забеспячэння даху над галавой.

Гаворачы пра каштоўнасць працы, Папа заўважыў, што праз яе магчыма палепшыць зямлю, мудра выкарыстоўваючы яе шматлікія рэсурсы. Святы Айцец нагадаў пра вялікую біяразнастайнасць тэрыторыі Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і заклікаў клапаціцца аб яе захаванні і салідарнасці паміж жыхарамі краіны.

Мясцовыя ўлады Пантыфік заахвоціў быць дакладным адлюстраваннем каштоўнасцяў адзінства, годнасці і працы і прыкладам для ўсіх грамадзян. Папа таксама нагадаў пра неабходнасць гарантавання Каталіцкаму Касцёлу ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы ўмоваў для выканання яго духоўнай місіі, што можа «паспрыяць кожнаму чалавеку і ўсяму чалавецтву».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.