Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ва Угандзе: у памкненнях дапамагаць бедным выяўляецца душа народа
Святы Айцец
28.11.2015 17:05

«Свет глядзіць на Афрыку як на кантынент надзеі», – адзначыў Папа Францішак 27 лістапада падчас сустрэчы з уладамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ва Угандзе.

Пантыфік звярнуў увагу на шэраг важных выклікаў: патрэбу ў рашучых намаганнях для вырашэння міграцыйнага пытання, сацыяльных праблем і глабальнай «культуры адкідання».

Святы Айцец нагадаў пра адну з галоўных мэт свайго візіту ва Уганду – ушанаванне памяці мясцовых каталіцкіх і англіканскіх мучанікаў, кананізаваных 50 гадоў таму. Папа выказаў перакананне, што яны служаць напамінам аб важнасці веры і ўсеагульным пакліканні да пошуку праўды, справядлівасці і прымірэння. Сёння ж прыкладам гэтых высокіх ідэалаў павінны служыць улады краіны, заданне якіх заключаецца ў забеспячэнні добрага кіравання, усебаковага развіцця грамадства, мудрага размеркавання рэсурсаў, адзначыў Пантыфік.

«Уганда – сапраўды благаслаўлёная зямля, шчодра адораная прыроднымі рэсурсамі, якімі вы пакліканы распараджацца як адказныя ахоўнікі», – сказаў Папа. Яшчэ большым дарам для краіны, па словах Святога Айца, з’яўляецца яе народ: моцныя сем’і, моладзь і пажылыя людзі, і важна падарыць ім надзею, даць магчымасць атрымліваць належную адукацыю і мець працу, якая будзе аплачвацца, забяспечыць умовы для паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Святы Айцец адзначыў надзвычайныя намаганні Уганды ў вырашэнні эміграцыйных праблем. Краіна прымае бежанцаў, дазваляе ім нанова будаваць жыццё ва ўмовах бяспекі і адчуваць сваю чалавечую годнасць дзякуючы магчымасці сумленна працаваць і мець заробак.

«Наш свет, пазначаны вайной, жорсткасцю і рознымі формамі несправядлівасці, з’яўляецца сведкам небывалага міграцыйнага руху. Тое, як мы на гэта рэагуем, становіцца праверкай нашай гуманнасці, паважлівага стаўлення да чалавечай годнасці, але перш за ўсё нашай салідарнасці з братамі і сёстрамі ў патрэбе», – падкрэсліў Папа.

Пантыфік выказаў занепакоенасць «культурай адкідання», якая набыла глабальны характар і робіць людзей сляпымі на духоўныя каштоўнасці, абыякавымі да патрэбаў іншых, а моладзь пазбаўляе надзеі. На думку Святога Айца, у памкненнях дапамагаць бедным, хворым і абяздоленым выяўляецца сапраўдная душа народа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.