Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак звярнуўся да моладзі Кеніі
Святы Айцец
27.11.2015 14:24

Падчас сустрэчы з кенійскай моладдзю на гарадскім стадыёне ў Найробі 27 лістапада Папа Францішак жорстка асудзіў карупцыю і заклікаў гарантаваць юнакам і дзяўчатам права на працу і адукацыю, каб захаваць ад далучэння да фундаменталістаў, наркотыкаў і самагубстваў.

«Кожны раз, калі бярэм хабар і кладзем яго ў кішэню, разбураем сваё сэрца, сваю асобу і Айчыну. Калі ласка, не спрабуйце смаку гэтага цукру, імя якому карупцыя. Не толькі ў палітыцы, а і ва ўсіх структурах, у тым ліку ў Ватыкане, існуюць выпадкі карупцыі!» – сказаў Святы Айцец.

Пантыфік назваў карупцыю салодкім цукрам, які вядзе да кепскіх наступстваў: ператварае ў «дыябетыкаў», як асобных людзей, так і цэлыя краіны.

Папа Францішак заклікаў маладых вернікаў бараніць свае сэрцы ад духа зла, які становіцца прычынай канфліктаў, падзелаў, войнаў, фанатызму, прывязанасці да наркотыкаў і вядзе да разбурэння. У такім кантэксце Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць малітвы.

«Чалавек губляе лепшае з таго, што мае, калі забывае маліцца, калі адчувае сябе ўсемагутным, бо не бачыць патрэбы ў тым, каб прасіць дапамогі, перад шматлікімі трагедыямі», – сказаў Пантыфік.

Папа Францішак заклікаў моладзь глядзець на жыццёвыя цяжкасці, як на магчымасці, а не як на тое, што блакуе, разбурае і трымае ў няволі.

Асаблівым чынам Святы Айцец асудзіў трыбалізм – падзелы на этнічнай і племянной глебе. «Трыбалізм знішчае краіну», – сказаў Пантыфік і параўнаў гэты феномен са схаванымі за спіной камянямі, прызначанымі для таго, каб кідаць у іншых. Каб перамагчы гэтую язву, трэба быць гатовымі выслухаць бліжняга і працягнуць яму руку для дыялогу.

Святы Айцец заклікаў усіх прысутных на сустрэчы ўстаць і ўзяцца за рукі, у якасці супольнага сведчання супраць трыбалізму.

Па словах Папы Францішка, хрысціянскае сведчанне блізкасці, любові, радасці, дапамогі і салідарнасці можа быць эфектыўней, чым любая тэлевізійная сетка, у справе распаўсюджванні Евангелля.

Гаворачы пра праблему фундаменталізму і рэкрутызацыі многіх маладых людзей у шэрагі тэрарыстаў, Святы Айцец звярнуў увагу на прычыны гэтай з’явы.

«Мы павінны зразумець, чаму юнак рэкрутызуецца ці дазваляе сябе рэкрутызаваць. Ён аддаляецца ад сваёй сям’і, сяброў, племені, Радзімы, жыцця і вучыцца забіваць. Гэта пытанне, якое вы павінны задаваць усім уладам: калі юнак ці дзяўчына не мае працы, не можа вучыцца, што можа зрабіць?» – сказаў Папа Францішак і заклікаў гарантаваць моладзі права на працу і адукацыю, каб захаваць ад шматлікіх трагічных рашэнняў, якія яна можа прыняць у сваім жыцці па прычыне адчаю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.