Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падтрымаў берлінскі «Марш за жыццё»
Святы Айцец
29.08.2015 18:27

Папа Францішак падтрымаў «Марш за жыццё», які пройдзе праз цэнтр Берліна 19 верасня. Як паведаміла нямецкая Нацыянальная федэрацыя за жыццё, Пантыфік сказаў аб гэтым арганізатарам маршу пасля мінулай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме.

Папа высока ацаніў ініцыятыву ў абарону жыцця і вялікую і патрэбную працу арганізатараў. «Гэта вельмі, вельмі важна, што вы робіце», – цытуе словы Святога Айца Федэрацыя за жыццё.

У 2014 г. з Ватыкана ўпершыню было накіравана прывітанне ініцыятыве, якая праходзіць у Берліне з 2002 г. У лісце ад імя Папы Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін адзначыў, што права на жыццё з’яўляецца падставай культуры і законаў грамадства, таму чалавек не можа ўспрымацца ў якасці тавару, прызначанага да выкідання. Таксама ў лісце адзначалася, што грамадства, якое пазбаўляецца людзей, пазбаўляе сябе каранёў свайго існавання, і што менавіта хрысціяне павінны падкрэсліваць значэнне недатыкальнасці жыцця кожнага чалавека і недапушчальнасць залежнасці асобы ад імгненнай выгады.

«Pro-Life-маршы» рэгулярна праходзяць у многіх еўрапейскіх сталіцах. Дэвіз сёлетняга берлінскага – «Разам за жыццё. Заўсёды». Тысячы хрысціян, якія пройдуць цэнтрам нямецкай сталіцы, заклічуць паважаць права кожнага чалавека на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Арганізатары лічаць такія ініцыятывы важнымі і таму, што ў апошнія гады ў нямецкіх мегаполісах актывізаваліся акцыі і контр-дэманстрацыі прыхільнікаў абортаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.