Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: хрысціяне павінны абудзіць сумленні ў час, калі на важныя пытанні прапануюцца частковыя адказы
Святы Айцец
20.08.2015 14:28

Хрысціяне павінны абудзіць сумленні людзей у час, калі на важныя пытанні прапануюцца частковыя адказы, адзначыў Папа Францішак у пасланні, скіраваным за подпісам Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етро Параліна, да ўдзельнікаў Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі.

Форум праходзіць з 20 жніўня ў Рыміні (Італія). У сваім звароце Святы Айцец заклікаў удзельнікаў мерапрыемства выходзіць насустрач іншым людзям, несучы, з прыгажосцю і прастатой, навіну аб Божай любові.

Сэрцы вернікаў, па словах Папы, заўсёды павінны быць “неспакойнымі”; трэба пастаянна шукаць адказы на пытанні “аб значэнні жыцця і смерці, любові, працы, справядлівасці і шчасці”. Сённяшні свет, дадаў Пантыфік, прапануе толькі частковыя адказы на іх. “Ідэалагічная каланізацыя” паслабляе “адчуванне сапраўдных патрэбаў сэрца”, гаворыцца ў пасланні. Святы Айцец перакананы, што тое, чаго па-сапраўднаму прагнуць людзі, дае толькі Бог, у той час як яны “шукаюць у поспеху, грошах, уладзе, рознага віду наркотыках задавальненні сваіх імгненных жаданняў”.

Адзначаецца, што ўдзельнікі Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі і Касцёл могуць супрацоўнічаць, не дазваляючы людзям “задавальняцца малым” і адкрываючы ім Езуса Хрыста, знаёмства з якім адпавядае прагненню па бясконцым, прысутнаму ў сэрцы кожнага чалавека.

Сустрэча на карысць сяброўства паміж народамі будзе працягвацца да 26 жніўня. У яе рамках пройдуць шматлікія канферэнцыі, выставы, канцэрты і дыскусіі на тэму міру паміж рознымі культурамі і рэлігіямі. Святы Пасад на форуме прадстаўляе кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Мерапрыемства праводзіцца штогадова з 1980 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.