Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Удзел у Эўхарыстыі азначае ўваход у логіку Езуса”
Святы Айцец
27.07.2015 12:24

Прымаць святую Камунію азначае чэрпаць з Хрыста ласку, якая дазваляе нам дзяліцца з іншымі тым, чым з’яўляемся і што маем, сказаў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 26 ліпеня. Пантыфік заклікаў вернікаў, прымаючы Эўхарыстыю, уваходзіць у логіку Езуса – логіку бескарыслівасці і дзялення.

“Евангелле гэтай нядзелі (Ян 6, 1-5) прадстаўляе вялікі знак памнажэння хлябоў у апавяданні евангеліста Яна, – адзначыў Папа. – Езус знаходзіўся на беразе Галілейскага возера ў акружэнні “мноства людзей”, прывабленых “цудамі, якія Ён чыніў над хворымі” (2). У ім дзейнічала міласэрная моц Бога, якая аздараўляла ад кожнага зла цела і духу. Але Езус не толькі аздаравіцель, але таксама і настаўнік: Ён узышоў на гару і сеў, з тыповымі паводзінамі настаўніка, які вучыць: узышоў на гэтую натуральную “кафедру”, створаную сваім Нябесным Айцом. Тут Езус, з добрым усведамленнем сваіх учынкаў, пачаў выпрабоўваць вучняў. Што трэба зрабіць, каб накарміць усіх гэтых людзей? Філіп, адзін з Дванаццаці, хутка падлічыў: арганізаваўшы збор, можна сабраць максімум дзвесце дынараў, каб набыць хлеба, якога ўсё роўна не хопіць, каб накарміць пяць тысяч чалавек.

Вучні разважалі ў катэгорыях “рынку”, але Езус логіку “набыцця” замяніў логікай “дару”. І вось Андрэй, іншы з апосталаў, брат Сымона Пятра, прывёў хлопца, які ахвяраваў усё, што меў: пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы; але, канешне, – кажа Андрэй, – гэта нішто для такога мноста (пар. 9). Езус чакаў менавіта гэтага. Ён загадаў вучням пасадзіць людзей, затым узяў у рукі хлябы і рыбу і, падзякаваўшы Айцу, раздаў іх (пар.11). Гэтыя жэсты папярэднічалі жэстам Апошняй Вячэры, якія надалі хлебу Езуса яго самы глыбокі і сапраўдны сэнс. Хлеб Божы – гэта сам Езус. Яднаючыся з Ім у Камуніі, прымаем Яго жыццё ў сябе і становімся сынамі Айца Нябеснага і братамі паміж сабой.

У святой Камуніі сустракаемся з Езусам па-сапраўднаму жывым і ўваскрослым. Удзел у Эўхарыстыі азначае ўваход у логіку Езуса, логіку бескарыслівасці, дзялення. І незалежна ад таго, наколькі беднымі з’яўляемся, усе мы можам штосьці даць. Прымаць святую Камунію азначае чэрпаць з Хрыста ласку, якая дазваляе нам дзяліцца з іншымі тым, чым з’яўляемся і што маем.

Натоўп быў уражаны цудам памнажэння хлябоў; але дар, які Езус дае, – гэта “паўната жыцця для прагнучага чалавека”. Езус задавальняе не толькі матэрыяльны голад, але таксама і больш глыбокі – голад па сэнсе жыцця, голад па Богу. Перад абліччам пакут, самотнасці, беднасці і цяжкасцяў шматлікіх людзей што можам зрабіць мы? Плачам не вырашыць нічога, але мы можам даць ім тую маласць, якую маем, як хлопец з Евангелля. Напэўна, мы маем некалькі вольных гадзін, які-небудзь талент, кампетэнцыю... Хто з нас не мае сваіх “пяці хлябоў і двзюх рыбаў”? Усе мы маем! Калі станем гатовымі даць іх у рукі Пана, гэтага будзе дастаткова для таго, каб у свеце стала крыху больш любові, міру, справядлівасці і асабліва радасці. Як патрэбна радасць свету! Бог здольны памножыць нашы маленькія жэсты салідарнасці і зрабіць нас удзельнікамі свайго дару.

Наша малітва няхай падтрымлівае супольныя намаганні дзеля таго, каб ніхто не меў патрэбы ў Хлебе нябесным, які дае жыццё вечнае і неабходны для годнага жыцця, а таксама каб умацоўвалася логіка дзялення і дару. Панна Марыя няхай нас суправаджвае сваім матчыным заступніцтвам”.

Пасля малітвы Папа Францішак звярнуўся з заклікам аб вызваленні людзей, выкрадзеных у Сірыі: італьянскага святара кс. Паоло Даль Оліё, двух праваслаўных епіскапаў і іншых людзей, якія былі выкрадзены ў зоне канфлікту. Пантыфік звярнуўся да мясцовых і міжнародных уладаў з заклікам прыкласці намаганні дзеля вызвалення гэтых асобаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.