Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: місіянерства — гэта не празелітызм і не стратэгія
Святы Айцец
25.05.2015 16:08

«Місіянерства — гэта не празелітызм і не стратэгія, але дзяленне любоўю да Хрыста, людзей і Евангелля», — напісаў Папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень місій. Ён быў устаўноўлены ў 1926 г. Папам Піем ХІ і штогадова адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў перадапошнюю нядзелю кастрычніка.

У пасланні, апублікаваным 24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Папа Францішак звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж місіянерствам і кансэкраваным жыццём, нагадваючы, што, ідучы за Хрыстом, чалавек не можа не стаць місіянерам. А місіянеры пакліканы цалкам і бескампрамісна прысвяціць сябе абвяшчэнню Евангелля, пра што неабходна нагадваць падчас выхаваўчага працэсу ў манаскіх супольнасцях.

Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў у сваім пасланні на важную ролю свецкіх вернікаў і моладзі ў місіі Касцёла. Святы Айцец заклікаў кансэкраваных асобаў уключаць у місійную дзейнасць свецкіх, адкрытых на супрацоўніцтва і гатовых прысвяціць гэтай справе прынамсі невялікую колькасць часу.

Папа Францішак адзначыў, што абвяшчэнне Евангелля павінна суправаджацца павагай да культуры кожнага народа, а яго прывілеяванымі адрасатамі павінны стаць бедныя, хворыя, пагарджаныя і забытыя. «Клопат пра бедных – гэта не даніна нейкай ідэалогіі, але прыпадабненне да тых, хто жыве ў галечы, на падабенства Езуса, братэрства з імі, нясенне радасці Евангелля і Божай любові», — падкрэсліў Святы Айцец.

Сёлета Сусветны дзень місій будзе адзначацца ва ўсім Касцёле ў нядзелю 18 кастрычніка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.