Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Імшы ў Неапалі: Навярніцеся да любові і справядлівасці!
Святы Айцец
22.03.2015 15:36

Карупцыя і злачыннасць не павінны псаваць аблічча Неапаля і тым больш сэрцаў яго жыхароў – з такім пажаданнем Папа Францішак звярнуўся падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 21 сакавіка на плошчы Плебісцыта ў цэнтры Неапаля.

У літургіі прынялі ўдзел каля 60 тыс. чалавек. Вялікая колькасць людзей назірала за цэлебрацыяй з балконаў і тэрасаў, а таксама з бліжэйшых вуліц, дзякуючы ўстаноўленым там экранам.

У гаміліі Папа нагадаў, што слова Божае – сіла, здольная змяняць свет: “Слова Божае – моцнае. Яно не мае сілы гэтага свету, але мае сілу Бога, які моцны ў пакоры, а таксама ў слабасці. Яго сіла – гэта сіла любові, якая не ведае межаў, любові, здольнай любіць іншых перш, чым сябе”.

Звяртаючыся да мясцовых святароў, Пантыфік заклікаў іх несці ўсім людзям міласэрнасць, пяшчоту і сяброўства з Богам. “Кожная парафія і кожная касцёльная структура павінны стаць санктуарыямі для тых, хто шукае Бога, і гасцінным домам для бедных, пажылых і патрабуючых”, - сказаў Папа і заклікаў да пошуку гэтых людзей.

Неапалітанцы не павінны дазволіць, каб у іх скралі надзею, падкрэсліў Пантыфік, скіроўваючы заклік да мясцовых жыхароў. “Я кажу гэта ў першую чаргу моладзі: адкрыйцеся на моц Езуса Хрыста і прынясіце плёны новага жыцця гэтаму гораду, плёны дзялення, прымірэння, служэння, братэрства”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец пажадаў не паддавацца спакусе лёгкага і нягоднага прыбытку. “З рашучасцю дзейнічайце супраць арганізацый, якія эксплуатуюць і псуюць моладзь, бедных і слабых праз цынічны гандаль наркотыкамі і іншыя злачынствы. Не дазвольце скрасці ў сябе надзею! Не дазвольце, каб ваша моладзь эксплуатавалася гэтымі людзьмі”, - заклікаў Папа.

З асаблівымі словамі Пантыфік звярнуўся да злачынцаў і іх пасобнікаў. “Як брат я паўтараю: навярніцеся да любові і справядлівасці! Дазвольце міласэрнасці Божай знайсці вас! Ведайце, што Езус вас шукае, каб абняць, пацалаваць, любіць больш. З дапамогай ласкі Бога, які ўсё і заўсёды прабачае, можна вярнуцца да годнага жыцця. Аб гэтым вас просяць слёзы ўсіх маці Неапаля, змешаныя са слязьмі Марыі, нябеснай Маці”, - сказаў Папа. На заканчэнне гаміліі Святы Айцец пажадаў, каб Неапаль перажыў перыяд сапраўднага абнаўлення.   

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.