Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: паліятыўнае лячэнне можа служыць толькі дапаўненнем да клопату пра хворых сваякоў
Святы Айцец
05.03.2015 17:02

5 сакавіка Папа Францішак даў аўдыенцыю ўдзельнікам пленарнага паседжання Папскай акадэміі абароны жыцця, якое было прысвечана тэме «Дагляд за састарэлымі і паліятыўнае лячэнне». Па словах Пантыфіка, паліятыўнае лячэнне добра адлюстроўвае здольнасць чалавека клапаціцца пра бліжняга.

«Чалавечае жыццё заўсёды застаецца каштоўнасцю, нават калі ён адзначаны сталым узростам ці хваробай», — заўважыў Святы Айцец.

Біблійная запаведзь, якая вучыць нас шанаваць бацькоў, у больш шырокім сэнсе нагадвае нам пра тое, што трэба паважаць усіх старых. Рабіць гэта трэба для таго, «каб падоўжыліся дні твае» і «каб добра было табе» (Дрг 5, 16). На думку Пантыфіка, гэта запаведзь раскрывае галоўную педагагічную сувязь бацькоў і дзяцей, якая засноўваецца на перадачы рэлігійных і іншых ведаў будучым пакаленням. Біблійныя словы актуальныя і ў сучасным грамадстве, у якім логіка выгады пераважае над салідарнасцю і бескарыслівасцю», — падкрэсліў Папа Францішак.

У нашы дні «шануй» можна перакласці як «паважай» і «клапаціся» пра тых, хто памірае. Медыцына адыгрывае ў гэтым асобную ролю: яна сведчыць пра павагу да старых і ўвогуле да кожнай чалавечай істоты. Медыкі не павінны кіравацца толькі такімі крытэрыямі як: эфектыўнасць, эканамічная выгада, правілы сістэмы аховы здароўя, а дзяржава не павінна патрабаваць толькі прыбытку ад медыцыны.

«Для грамадства няма нічога важней, чым клопат пра чалавека», — упэўнены папа Францішак.

Старыя маюць патрэбу ў клопаце і любові сваякоў, якіх не могуць замяніць нават самыя эфектыўныя лекавыя ўстановы і кампетэнтныя медыкі. Паліятыўнае лячэнне можа служыць толькі дапаўненнем да той дапамогі, якую аказваюць сваякі. Задача паліятыўнага лячэння — палегчыць пакуты чалавека на апошніх стадыях хваробы. Гэта перш за ўсё тычыцца старых, якія па прычыне ўзросту атрымоўваюць усё менш увагі з боку лекавай медыцыны.

«Адзінота — самая цяжкая старэчая «хвароба» і вялікая несправядлівасць: той, хто выгадаваў і выхаваў нас, не павінен заставацца самотны тады, калі мае патрэбу ў нашай дапамозе», — перакананы Папа Францішак.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.