Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: біскуп — гэта прынцып адзінства ў Касцёле
Святы Айцец
05.03.2015 16:43

Да будавання свайго жыцця на Эўхарыстыі заклікаў Папа Францішак біскупаў — сяброў руху «Факаляраў». 4 сакавіка раніцай у Ватыкане ён прыняў дэлегацыю з 60 іерархаў з 35 краін. Прамаўляючы да іх, Пантыфік засяродзіўся на значэнні Эўхарыстыі для жыцця Касцёла.

 «Без Эўхарыстыі, адзінства страціла б сваю сілу Божага прыцягнення і была б абмежавана да пачуццяў і дынамікі чыста чалавечай, псіхалагічнай, сацыялагічнай. Таму Эўхарыстыя гарантуе, каб у цэнтры быў Хрыстус і Яго Дух, Дух Святы, Які кіруе нашымі крокамі і нашымі ініцыятывамі сустрэчы і братэрства», — сказаў Папа. Ён нагадаў іерархам пра іх ролю — збіраць супольнасці вакол Эўхарыстыі, «падвойнага стала Слова і Хлеба Жыцця». Папа Францішак назваў гэта іх «асноўным служэннем».


«Біскуп — гэта прынцып адзінства ў Касцёле, але гэтага не адбудзецца без Эўхарыстыі. Біскуп збірае людзей не вакол сябе самаго або сваіх ідэй, але вакол Хрыста, Які прысутнічае ў сваім Слове і сакрамэнце свайго Цела і Крыві», — сказаў Пантыфік. На яго думку біскуп павінен збіраць вернікаў у «школе Езуса» разам з ахвярай свайго жыцця, «асабіста прымаючы форму эўхарыстычнага існавання». Толькі так ён можа стаць «жывым Евангеллем», «хлебам, ламаным для жыцця многіх праз сваё вучэнне і сведчанне». «Той, хто з верай сілкуецца Хрыстом, Хлебам жыцця, мабілізуецца Яго любоўю аддаць жыццё за братоў, каб выйсці, сустрэцца з людзьмі, выкінутымі на узбочыну і пагарджанымі», — падкрэсліў Папа Францішак.

Папа асаблівым чынам падзякаваў іерархам, якія прыбылі«з акрываўленых земляў» Сірыі і Іраку, а таксама Украіны. Ён прызнаўся, што перажывае разам з імі пакуты мясцовых народаў. «Падчас штодзённай св. Імшы мы яднаемся з вамі, молімся за вас, цэлебруючы Ахвяру Хрыста», — сказаў ён і заклікаў біскупаў працягваць экуменічны і міжрэлігійны дыялог.

Рух «Факаляраў» быў заснаваны ў 1943 г. у італьянскім Трэнта. Яго часта называюць «рухам адзінства і ўсеагульнага братэрства». У цяперашні час у яго склад уваходзіць больш за 120 тыс. асоб; 1,5 млн. — гэта яго прыхільнікі. Многія з іх належаць да некаталіцкіх супольнасцяў і іншых рэлігій. Рух быў афіцыйна прызнаны Святым Пасадам у 1964 г. і прысутнічае ў 194 краінах па ўсім свеце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.