Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: трэба вучыцца крытычна глядзець на сябе
Святы Айцец
02.03.2015 16:23

«Судзіць іншых — вельмі проста, але развівацца ў хрысціянскім жыцці могуць толькі тыя, хто здольны крытычна глядзець на сябе самога», — лічыць Папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 2 сакавіка Пантыфік нагадаў, што ўсе людзі з’яўляюцца грэшнікамі не ў тэорыі, але ў рэальнасці.

Таму першым крокам тых, хто жадае быць сапраўднымі хрысціянамі, з’яўляецца менавіта прызнанне гэтай уласнай грахоўнасці. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра «здольнасць абвінавачваць саміх сябе», сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў асуджэнні іншых людзей «мы ўсе з’яўляемся майстрамі і настаўнікамі», але калі справа тычыцца нас саміх – “усе маем алібі”, усе ўмеем знаходзіць апраўданні ўласным слабасцям, недахопам, правінам і рабіць нявінны выгляд. Але важна зазірнуць унутр уласнага сэрца і ўбачыць свае недахопы і наступствы, якія ад іх могуць быць.

«Праходзячы побач з турмой і думаючы пра зняволеных, важна не казаць сабе: “яны гэтага заслугоўваюць”, але паразважаць, на якія б злачынствы мы былі здольныя самі, калі б не ласка Божая», — прапанаваў Папа. Абвінавачваць іншых, дадаў Пантыфік, вельмі проста, але важна быць здольным крытычна глядзець на саміх сябе. Без гэтага першага кроку, па словах Святога Айца, «нельга прайсці наперад ў хрысціянскім, духоўным жыцці».

Іншай важнай цнотай, на якую звярнуў увагу Папа Францішак у сваёй гаміліі, з'яўляецца здольнасць саромецца перад Богам: прызнаваць сорам уласнага граху і веліч міласэрнасці Бога ў пэўнага кшталту дыялогу з Ім. Папа заклікаў вернікаў на працягу Вялікага посту асаблівым чынам прасіць Бога аб міласэрнасці і навучыцца крытычна глядзець на саміх сябе.



«Калі нехта вучыцца абвінавачваць самога сябе — становіцца міласэрным да іншых: “Хто я такі, каб асуджаць яго, калі сам здольны на яшчэ горшыя рэчы?» — перакананы Пантыфік.

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.