Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заклікаў пакласці канец невыноснай жорсткасці ў Сірыі і Іраку
Святы Айцец
01.03.2015 16:54

1 сакавіка пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа Францішак звярнуўся з заклікам як мага хутчэй пакласці канец “невыноснай жорсткасці”, ахвярамі якой становяцца хрысціяне і іншыя рэлігійныя меншасці ў Сірыі і Іраку.

“На жаль, пастаянна даходзяць да нас драматычныя навіны з Сірыі і Ірака пра гвалт, выкраданні і пераследванні ў дачыненні да хрысціян і іншых груп. Мы хочам запэўніць асобаў, якіх закранула гэтая сітуацыя, што пра іх мы ніколі не забудзем, мы побач з імі і шчыра молімся, каб як мага хутчэй быў пакладзены канец гэтай невыноснай жорсткасці, ахвярамі якой яны з’яўляюцца”, - сказаў Пантыфік.

Папа дадаў, што разам з членамі Рымскай курыі цэлебраваў святую Імшу ў гэтай інтэнцыі падчас рэкалекцый, якія нядаўна завяршыліся. Святы Айцец заклікаў усіх, паводле іх магчымасцяў, унесці ўклад у палёгку пакутаў тым, хто перажывае цяжкі досвед, часта толькі з-за рэлігійнай прыналежнасці.

Папа нагадаў таксама пра Венесуэлу, якая зноў перажывае моманты вострай напружанасці. “Я малюся за ахвяраў, асабліва за маладога чалавека, які быў забіты некалькі дзён таму ў Сан-Крыстабал. Я заклікаю ўсіх адмовіцца ад гвалту і мець павагу да кожнай асобы і святасці чалавечага жыцця”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў да распачацця нанова сумеснага шляху для дабра краіны, уздымаючы адкрыты і канструктыўны дыялог.  

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.