Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак нагадаў пра важнасць бацькі ў жыцці дзіцяці
Святы Айцец
28.01.2015 15:36

Пра важнасць асобы бацькі ў жыцці дзіцяці нагадаў Папа Францішак 28 студзеня падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Разважаць над гэтай тэмай, на яго думку, неабходна, «бо мы дайшлі да ўсведамлення таго, што жывём у “грамадстве без бацькаў”. Іншымі словамі, асабліва ў нашай заходняй культуры, постаць бацькі з’яўляецца сімвалічна адсутнай, зніклай, выдаленай.

На першым этапе гэта разумелася як вызваленне: вызваленне ад бацькі-прыгнятальніка, бацькі, якія ўяўляў сабой закон, што навязваўся звонку, бацькі, як цэнзара шчасця дзяцей і перашкоды ў эмансіпацыі і аўтаноміі моладзі. Сапраўды, у мінулым, у некаторых дамах часам панаваў аўтарытарызм, а ў некаторых выпадках нават прыгнёт: бацькі, якія адносіліся да дзяцей, як да слугаў, не паважаючы асабістыя патрэбы іх развіцця; айцы, якія ім не дапамагалі выбраць свой шлях свабодна, (...) прыняць адказнасць за будаўніцтва сваёй будучыні і будучыні грамадства», — сказаў Пантыфік.

У цяперашні час, паводле Папы Францішка, адбылася змена ў накірунку іншай крайнасці. Праблема нашых дзён заключаецца не ў навязлівай прысутнасці бацькі, але ў яго адсутнасці. Папа адзначыў, што сёння, многія бацькі настолькі засяроджаны на саміх сабе, на сваёй працы і на ўласнай рэалізацыі, што забываюцца пра сям’ю і пакідаюць уласных дзяцей з пачуццём сіроцтва.

«Сёння, на гэтым нашым супольным шляху разважання аб сям’і, я хачу сказаць усім хрысціянскім супольнасцям, што мы павінны быць вельмі ўважлівымі: адсутнасць асобы бацькі ў жыцці дзяцей і моладзі стварае прабелы і раны, якія могуць быць вельмі цяжкімі. Прычынай псіхічных адхіленняў дзяцей і падлеткаў часта можа быць менавіта гэта адсутнасць, недахоп прыкладу і аўтарытэтнага кіраўніцтва ў іх штодзённым жыцці (...). Адчуванне сіроцтва, якім жывуць многія маладыя людзі, больш глыбокае, чым мы думаем», — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што сёння многія дзеці з’яўляюцца «сіротамі ў сям’і», калі іх бацькі часта адсутнічаюць дома фізічна, але яшчэ больш, калі знаходзяцца побач і не вядуць сябе як бацькі — не выконваюць сваіх выхаваўчых функцый, не перадаюць дзецям, праз уласны прыклад і словы, тых прынцыпаў, каштоўнасцяў і жыццёвых правілаў, «якіх яны патрабуюць, як хлеба».

«Выхаваўчая якасць айцоўскай прысутнасці становіцца тым больш патрэбнай, чым больш таты вымушаны знаходзіцца далёка ад дому па прычыне працы. Часам здаецца, што таты не дакладна ведаюць, якое месца заняць у сям’і і як выхоўваць дзяцей. І тады, маючы сумнівы, устрымліваюцца ад гэтага, аддаляючыся і занядбоўваючы свае абавязкі, магчыма, уцякаючы ў сумнеўныя “роўныя” адносіны з дзецьмі. Гэта праўда, што ты павінен быць сябрам свайму сыну, але не забываючыся, што з’яўляешся бацькам. Калі вядзеш сябе выключна як сябра, роўны свайму сыну — гэта не прынясе карысці хлопцу», — падкрэсліў Папа Францішак.

Папа нагадаў таксама пра адсутнасць належнай увагі да юнакоў і дзяўчат з боку грамадскай супольнасці, што робіць іх сіротамі, пазбаўленымі бяспечных шляхоў, якімі можна прайсці; настаўнікаў, якім можна давяраць; ідэалаў, якія распальваюць сэрца; каштоўнасцяў і надзей, якія даюць штодзённую падтрымку.

Святы Айцец прызнаўся, што ў сваёй катэхезе закрануў негатыўныя аспекты, звязаныя з адсутнасцю айцоўскай прысутнасці ў сям’і, але паабяцаў, што ў наступную сераду распавядзе пра прыгажосць бацькоўства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.