Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян: «Усе мы служым аднаму Евангеллю»
Святы Айцец
26.01.2015 17:03
«Шмат супярэчнасцяў паміж хрысціянамі, якія дасталіся ў спадчыну ад мінулага, могуць быць пераадолены, калі адкласці ў бок рознага роду палемічны або апалагетычны падыход і імкнуцца разам да глыбокага разумення таго, што нас аб’ядноўвае, а менавіта паклікання да ўдзелу ў таямніцы любові Айца, аб’яўленай нам праз Сына за пасрэдніцтвам Святога Духа», — сказаў Пантыфік 25 студзеня падчас урачыстых Нешпараў у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.
Набажэнства завяршыла Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.

«Хрысціянскае адзінства не з’яўляецца вынікам тонкай тэарэтычнай дыскусіі, у якой кожны будзе спрабаваць пераканаць іншых у правільнасці сваіх поглядаў. Мы павінны разумець, што для таго, каб дасягнуць глыбіні таямніцы Бога, мы патрабуем узаемнай сустрэчы і абмену думкамі пад кіраўніцтвам Святога Духа, Які гарманізуе разнастайнасць і пераадольвае канфлікты», — перакананы Папа.

Папа Францішак спаслаўся на хрост, у якім «праз Святога Духа мы сталі адным цэлым з Хрыстом, сынамі ў Сыне, сапраўднымі прыхільнікамі Айца».

«Менавіта таямніца любові з’яўляецца самым глыбокім матывам адзінства; яна аб’ядноўвае ўсіх хрысціян і з’яўляецца нашмат большай ад падзелаў, якія мелі месца на працягу ўсёй гісторыі. Па гэтай прычыне, наколькі мы пакорліва набліжаемся да Пана Езуса Хрыста, настолькі мы набліжаемся адзін да аднаго», — лічыць Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў евангельскі фрагмент пра сустрэчу Езуса з самаранкай, з якой была ўзята тэма Тыдня малітваў: «Дай мне піць». Папа заўважыў, што прыклад Хрыста заахвочвае да мірнага абмену думкамі з іншымі. Для таго, каб зразумець адзін аднаго і ўзрастаць у любові і праўдзе, трэба спыніцца, прыняць і слухаць адзін аднаго. Такім чынам, мы ўжо пачнём адчуваць адзінства», — перакананы Папа Францішак.

Пантыфік заўважыў, што сустрэча з Хрыстом аднавіла ў самаранцы «сэнс і радасць жыцця», і яна адчула жаданне падзяліцца гэтым з іншымі.

«Сёння шмат мужчын і жанчын, стомленых і прагнучых, якія просяць нас, хрысціян, каб мы далі ім піць. Гэта просьба, ад якой мы не можам уцячы. У пакліканні быць евангелізатарамі ўсе Цэрквы і супольнасці знаходзяць важную прастору для больш цеснага супрацоўніцтва. Для таго, каб паспяхова выконваць гэту задачу, трэба пазбягаць замкнутасці ў партыкулярызме і эксклюзівізме, а таксама навязвання аднастайнасці паводле чыста чалавечых планаў. Агульныя абавязацельствы абвяшчаць Евангелле дазваляюць пераадолець усе формы празелітызму і спакусаў канкурэнцыі. Усе мы служым аднаму і таму ж Евангеллю!», — падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што пошук хрысціянскага адзінства не можа быць прывілеем толькі пэўных асоб або рэлігійных супольнасцяў.

Малітвы падчас экуменічнага набажэнства прачыталі, у прыватнасці, праваслаўны Мітрапаліт Генадзіос, прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату і епіскап Дэвід Моксан, асабісты прадстаўнік Архіепіскапа Кентэрберыйскага. Прадстаўнікі розных Цэркваў і супольнасцяў таксама чыталі фрагменты Святога Пісання.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.