Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: не фізічнае аздараўленне з’яўляецца найважнейшым, але збаўленне і заступніцтвa Езуса
Святы Айцец
23.01.2015 13:27

«Важная не ласка фізічнага аздараўлення, але той факт, што Езус нас збаўляе і заступаецца за нас», — адзначыў Папа Францішак 22 студзеня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што людзі цягнуліся да Хрыста, бо «стыль Яго дзеяння і навучання кранаў іх сэрцы». Ён меў сілу Божага слова, а «народ адчуваў гэта і бачыў, што ў Езусе спаўняюцца абяцанні, што ў Езусе ёсць надзея».

«Народу надакучыла, як навучалі тагачасныя настаўнікі веры, якія ўскладалі на плечы шматлікія запаведзі, прадпісанні, але не дасягалі сэрцаў людзей», — сказаў Папа. Калі людзі чулі Хрыста, яны адчувалі, як Святы Дух абуджаў іх, перакананы Пантыфік.

Папа адзначыў, што многія людзі ішлі да Пана, шукаючы фізічнага аздараўлення. У гэтым няма нічога кепскага, таму што «мы ніколі не можам ісці за Богам з чысцінёй інтэнцыі ад самага пачатку — заўсёды крыху для нас саміх, крыху для Бога», падкрэсліў Святы Айцец. «Важна, аднак, прайсці шлях ачышчэння інтэнцыі спаткання з Панам», — заўважыў Пантыфік.

Па словах Папы, самым важным з’яўляецца «не тое, што Езус аздараўляе», і нават не той факт, што навучае, «кажа словы, якія кранаюць сэрца», хоць і гэта, канешне, дапамагае сустрэць Бога, - на першым месцы знаходзіцца збаўленне і заступніцтва Езуса, якія Ён прапануе людзям. «Ён Збаўца і мы былі Ім збаўлены. Гэта самае важнае. У гэтым сіла нашай веры», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак падкрэсліў, што Езус і сёння працягвае штодзённа заступацца за людзей перад Айцом, паказваючы Яму свае раны — кошт адкуплення чалавецтва; Езус збаўляе і заступаецца. Пантыфік заклікаў вернікаў штодзённа памятаць аб гэтым і прасіць Святога Духа аб глыбокім разуменні гэтага факту.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.