Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак да паліцэйскіх: усе мы пакліканы ахоўваць бліжняга
Святы Айцец
23.01.2015 12:46

22 студзеня Папа Францішак прыняў дэлегацыю прадстаўнікоў Інспекцыі грамадскай бяспекі пры Ватыкане з нагоды яе 70-й гадавіны. У сваім звароце да паліцэйскіх Пантыфік выказаў падзяку за штодзённую працу, якую яны выконваюць з прафесіяналізмам і адданасцю.

Па словах Святога Айца, распачаты новы год прыносіць новыя надзеі і чаканні, але на гарызонце бачныя таксама небяспекі, якія трывожаць чалавецтва. Папа параіў удзельнікам сустрэчы не падаць духам, бо хрысціянская надзея абапіраецца на непарушную скалу — любоў Бога.

Святы Айцец перакананы, што праца паліцыі павінна засноўвацца на чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях. «Ваша задача — ахоўваць месцы, якія маюць вялікае значэнне для веры і жыцця мільёнаў пілігрымаў. Людзі, якія наведваюць сэрца хрысціянскага Рыма, нярэдка звяртаюцца да вас. Кожны з іх павінен быць спакойны, адчуваючы вашу прысутнасць і старанне», — сказаў Пантыфік і дадаў, што «ўсе мы пакліканы быць ахоўнікамі нашага бліжняга».

Інспекцыя грамадскай бяспекі пры Ватыкане з’яўляецца падраздзяленнем італьянскай паліцыі, якое займаецца аховай Пантыфіка падчас яго падарожжаў, а таксама аховай плошчы св. Пятра ў Рыме. Дзейнасць інспекцыі прадугледжана Латэранскімі пагадненнямі, заключанымі паміж Італіяй і Святым Пасадам. У ёй нясуць службу каля 150 паліцэйскіх.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.