Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прызначыў членаў новай Калегіі ў рамках Кангрэгацыі Веравучэння
Святы Айцец
21.01.2015 16:30

Папа прызначыў членаў спецыяльнай Калегіі па апеляцыі да Звычайнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння.

Орган быў створаны 11 лістапада 2014 г. у межах узгаданай вышэй ватыканскага ведамства. Старшынёй Калегіі стаў біскуп Чарльз Шыклуна з Мальты, які яшчэ некалькі гадоў таму быў прамотарам справядлівасці ў Кангрэгацыі Веравучэння. Яе членамі былі прызначаны чатыры ватыканскія кардыналы: Зянон Грахалеўскі, Ацільё Нікора, Франчэска Кокапальмерыё і Джузэпэ Версальдзі, а таксама арцыбіскуп Расарыё ў Аргенціне Хасэ Луіс Малаган і іспанскі біскуп Хуан Ігнасіо Ар’ета Очоа дэ Чычынтру, сакратар Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў. Членамі-намеснікамі Пантыфік прызначыў двух ватыканскіх кардыналаў: Хуліана Эранса і Джорджа Карбеліні.

У лістападзе 2014 г. Папа ўстанавіў у рамках Кангрэгацыі Веравучэння спецыяльную Калегію з кардыналаў і біскупаў, якая паклікана займацца апеляцыямі адносна кананічных злачынстваў сур’ёзнай натуры, што былі здзейснены супраць маралі або адносяцца да злоўжыванняў у здзяйсненні сакрамэнтаў. Аб іх гаворыцца ў 1-6 параграфах Апостальскага ліста Яна Паўла ІІ Sacramentorum Sanctitatis Tutela. Усе члены Калегіі прызначаюцца непасрэдна Святым Айцом. Новы орган будзе кіравацца ў сваёй дзейнасці спецыяльна распрацаваным Рэгламентам.

Прычынай рашэння Пантыфіка стала вялікая колькасць зваротаў, што прыходзяць у Кангрэгацыю Веравучэння, і неабходнасць забеспячэння больш хуткага разгляду такога роду спраў.

Кананічныя правапарушэнні, зарэзерваваныя выключна для разгляду Кангрэгацыяй Веравучэння, датычаць пытанняў, скіраваных супраць святасці Найсвяцейшага Сакрамэнту, сакрамэнту Эўхарыстыі і сакрамэнту пакаяння. Таксама сюды адносяцца сур’ёзныя злачынствы супраць маралі, напрыклад, грэх супраць шостай запаведзі Дэкалогу, здзейснены святаром з асобай у непаўналетнім узросце да васямнаццацi гадоў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.