Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падчас вяртання з Манілы ў Рым Папа паразмаўляў у самалёце з журналістамі
Святы Айцец
20.01.2015 14:57

Пра ўражанні ад знаходжання на Філіпінах, планы чарговых падарожжаў, адказнае бацькоўства і сацыяльныя праблемы гутарыў Святы Айцец 19 студзеня з журналістамі на борце самалёта падчас вяртання з Манілы ў Рым. Папа таксама распавёў пра “ідэалагічную каланізацыю” і гендэрную тэорыю.

Адказваючы на пытанне аб наступных замежных паездках, Пантыфік прызнаўся, што ёсць планы здзейсніць у канцы года першы візіт у Афрыку. Ён павінен уключыць у сябе Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку і Уганду. Акрамя таго, у 2015 годзе, у дадатак да вераснёўскага візіту ў ЗША – Вашынгтон, Нью-Ёрк, Філадэльфію – плануецца падарожжа ў тры краіны Лацінскай Амерыкі: Эквадор, Балівію і Парагвай. У наступным годзе чакаецца візіт Папы ў Чылі, Аргенціну і Уругвай.

Адно з пытанняў журналістаў датычыла выкарыстанага падчас сустрэчы з сем’ямі тэрміну “ідэалагічная каланізацыя”. Папа звярнуўся да свайго вопыту 20-гадовай даўніны з Аргенціны, калі міністр адукацыі папрасіў субсідый для “школ для беднякоў”, але іх пагадзіліся прызнаць пры ўмове ўвядзення выкладання ў іх гендэрнай тэорыі. “Гэта ідэалагічная каланізацыя: людзям навязваюць ідэі, якія не маюць нічога агульнага з імі. Можа, з нейкімі групамі, але не з народам, і каланізуюць яго ідэяй, якая змяняе ці імкнецца змяніць менталітэт або структуру. І гэта не новае. Тое ж рабілі дыктатуры мінулага стагоддзя”, - нагадаў Папа, дадаўшы, што гэтыя дыктатуры выклікалі шмат пакут.

Яшчэ адной тэмай, узнятай Святым Айцом, было пытанне кантрацэпцыі ў спалучэнні з ілжывым міфам, што хрысціяне павінны мець шмат дзяцей. Пантыфік нагадаў, што Касцёл заўсёды абвяшчае прынцып адказнага бацькоўства, які змяшчаецца ў энцыкліцы “Humanae Vitae” Паўла VI: ён сустрэўся з “абавязваючым у той час неамальтуз’янствам (...), якое імкнулася кантраляваць чалавецтва праз імперыі. Не азначае, што хрысціянін павінен мець дзяцей адно за другім. Некалькі месяцаў таму я звярнуў увагу адной жанчыне ў парафіі, бо яна была цяжарная восьмым дзіцём пасля сямі кесаравых сячэнняў: “Вы хочаце пакінуць сіротамі сямёра дзяцей?” Гэта спакушэнне Бога. Мы гаворым пра адказнае бацькоўства”, - сказаў Папа.

Адказваючы на пытанне аб уражанні ад Філіпін, Святы Айцец падкрэсліў важнасць жэстаў. Асабліва Пантыфіка кранула сцэна, калі адзін бацька папрасіў яго благаславіць дзіця, як бы кажучы, што гэта яго скарб, яго будучыня, яго любоў. Таксама Папа згадаў пра сустрэчу з бацькам Крыстал, валанцёркі, якая загінула перад святой Імшой у Таклабане: для яго суцяшэннем было тое, што яна памерла, служачы іншым. Пантыфік падзяліўся таксама, што быў зрушаны кароткім знаходжаннем на месцы катастрофы, што здарылася 14 месяцаў таму, сведчаннем і малітвай Божага народа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.