Папа Францішак сустрэўся з бацькам валанцёркі, якая загінула напярэдадні ў Таклабане | Друк |
Святы Айцец
19.01.2015 00:24

18 студзеня Папа Францішак сустрэўся ў Апостальскай нунцыятуры ў Маніле з бацькам валанцёркі Крыстэль Падасас, якая загінула напярэдадні ў Таклабане, калі з-за моцнага парыву ветру на яе ўпала частка рыштаванняў. Раней Святы Айцец спрабаваў таксама патэлефанаваць маці дзяўчыны, якая працуе ў Ганконгу.

“Сустрэча доўжылася больш за 20 хвілін. Перакладчыкам быў арцыбіскуп Манілы кардынал Луіс Тагле. На стале былі размешчаны дзве фатаграфіі: маладой Крыстэль і яе здымак з бацькамі. Бацька загінулай сказаў, што быў вельмі ўзрушаны сустрэчай са Святым Айцом, і зараз суцяшэннем для яго з’яўляецца тое, што яго дачка дапамагала ў арганізацыі сустрэчы з Пантыфікам”, - паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Аб малітве ў інтэнцыі памерлай валанцёркі папрасіў Папа Францішак удзельнікаў ранішняй сустрэчы з моладдзю, якая адбылася ва ўніверсітэце св. Тамаша ў Маніле.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by