Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Сусветны дзень міру прысвечана феномену сучаснага рабства
Святы Айцец
10.12.2014 14:35

«Ужо не рабы, але браты», — так называецца пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2015 г.

На пачатку Пантыфік звяртаецца «да кожнага чалавека, а таксама да кожнага народа і краіны свету, да кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і лідараў розных рэлігій» з гарачымі пажаданнямі міру, якія суправаджае малітва, «каб спыніліся войны, канфлікты і пакуты, прычынай якіх з’яўляецца як сам чалавек, так і ўжо даўно вядомыя і новыя эпідэміі і разбуральнае ўздзеянне стыхійных бедстваў». Крыніцай тэмы звароту, як прызнаўся Папа, стала Пасланне св. Паўла да Філімона, у якім апостал просіць свайго супрацоўніка прыняць Анісіма, былога раба Філімона, які стаў цяпер хрысціянінам і братам для яго (Філ 1, 15-16).

Братэрства, як заўважае Пантыфік, выражае разнастайнасць і адрозненне паміж асобамі, якія маюць адзіную прыроду і роўную годнасць. Менавіта грэх неаднаразова ў гісторыі перапыняе братэрства, якое вынікае з прыроды чалавека. Тут Папа прыводзіць прыклад Каіна і Абэля. «Немагчыма стаць хрысціянамі, сынамі Айца і братамі ў Хрысце, толькі па ўладнаму Божаму распараджэнню, без ажыццяўлення асабістай свабоды, гэта значыць без добраахвотнага навяртання да Хрыста», — адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на шматстайныя абліччы рабства ў наш час. Нягледзячы на тое, што «міжнародная супольнасць прыняла шматлікія пагадненні з мэтай пакласці канец рабству ва ўсіх яго формах і пусціла ў ход розныя стратэгіі, каб змагацца з гэтай з’явай, сёння па-ранейшаму мільёны людзей — дзеці, мужчыны і жанчыны рознага ўзросту — пазбаўляюцца свабоды і вымушаны жыць ва ўмовах, супастаўных з рабскімі», піша Папа, удакладняючы, што гэта шматлікія работнікі і работніцы, у тым ліку малалетнія, якія неміласэрна эксплуатуюцца ў розных сектарах, на афіцыйным і неафіцыйным узроўнях, ад хатняй працы да працы на сельскагаспадарчых угоддзях, ад апрацоўчай прамысловасці да горнапрамысловага сектару, як у краінах, дзе працоўнае заканадаўства не адпавядае нормам і мінімальным міжнародным стандартам, так і ў краінах, заканадаўства якіх абараняе працоўных.

Святы Айцец узгадаў таксама ўмовы жыцця многіх мігрантаў; вымушаных займацца прастытуцыяй, сярод якіх ёсць вельмі шмат малалетніх; узгадаў пра сексуальных рабынь і рабоў; пра жанчын, якіх вымушаюць уступаць у шлюб або прадаюць з гэтай мэтай; пра тых, каго перадаюць у спадчыну аднаму з сваякоў пасля смерці мужа, не даючы ім права выказаць сваю згоду або нязгоду. Нельга, як адзначаецца, забывацца аб непаўналетніх і дарослых людзях, якія становяцца аб’ектамі гандлю для выкарыстання органаў, вярбоўкі ў якасці салдат, жабравання, вытворчасці або продажу наркатычных рэчываў, для замаскіраваных формаў міжнароднага ўсынаўлення. Гаворка ідзе таксама пра ўсіх тых, каго выкрадаюць і трымаюць у палоне тэрарыстычныя групы, выкарыстоўваючы іх у сваіх мэтах як байцоў або, калі гэта дзяўчыны ці жанчыны, як сексуальных рабынь.

Папа называе некаторыя прычыны сучаснага рабства: галоўная «караніцца ў канцэпцыі чалавека, якая дапускае магчымасць выкарыстоўваць яго ў якасці аб’екту». «Чалавечая асоба, створаная паводле вобразу і падабенства Бога, з дапамогай сілы, падману або фізічнага ці псіхалагічнага прымусу ператвараецца ў тавар», — падкрэсліў Пантыфік. Поруч з гэтай анталагічнай прычынай існуюць і іншыя, сярод якіх Святы Айцец называе беднасць, адсталасць і ізаляцыю, асабліва калі яны спалучаюцца з адсутнасцю доступу да адукацыі і магчымасці працаваць; карупцыю тых, хто гатовы зрабіць усё, каб разбагацець; узброеныя канфлікты, насілле, шырока распаўсюджаныя злачыннасць і тэрарызм.

Папа дадае, што пры поглядзе на феномены гандлю людзьмі, незаконнага перамяшчэння мігрантаў і іншых вядомых і невядомых абліччаў рабства «часта складваецца ўражанне, што яны маюць месца сярод усеагульнай абыякавасці». Тым не менш, заўважыў Пантыфік, у гэтай атмасферы існуе «тытанічная маўклівая праца, якую на працягу многіх гадоў вядуць на карысць ахвяр шматлікія манаскія кангрэгацыі».

Паводле Святога Айца, дзяржавы павінны гарантаваць, каб іх нацыянальнае заканадаўства сапраўды праяўляла павагу да годнасці чалавека; міжурадавыя арганізацыі павінны ажыццяўляць каардынацыю ініцыятыў па барацьбе з транснацыянальнымі сеткамі арганізаванай злачыннасці, якія кіруюць гандлем людзьмі і нелегальным перамяшчэннем мігрантаў; прадпрыемствы павінны забяспечыць сваім супрацоўнікам годныя ўмовы працы і годную заработную плату. Сацыяльная адказнасць прадпрыемстваў, заўважыў Пантыфік, павінна суправаджацца сацыяльнай адказнасцю спажыўца, бо кожны чалавек павінен усведамляць, што набыццё — гэта заўсёды не толькі эканамічнае, але і маральнае дзеянне.

Папа заклікае «кожнага праяўляць, у рамках уласнай ролі і асаблівай адказнасці, братэрскія адносіны да тых, хто знаходзіцца ў стане рабства». «Мы павінны прызнаць, што перад намі з’ява агульнасусветнага маштабу, барацьба з якім пераўзыходзіць магчымасці аднаго толькі грамадства або краіны. Каб выкараніць яго, патрабуецца мабілізацыя сіл, супастаўных сваімі памерамі з маштабамі самой з’явы», — напісаў Пантыфік, заклікаючы да «глабалізацыі салідарнасці і братэрства», якая можа вярнуць надзею шматлікім людзям, якія жывуць сёння ў стане рабства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.