Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа даў прэс-канферэнцыю на шляху са Страсбурга
Святы Айцец
26.11.2014 14:34

«Ідэнтычнасць народаў з’яўляецца евангельскай каштоўнасцю», — сказаў Папа Францішак падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху са Страсбурга ў Рым 25 лістапада. Пантыфік паўтарыў сваю думку з выступленняў перад Еўрапарламентам і Саветам Еўропы.

Мы ніколі не павінны стамляцца будаваць масты паміж людзьмі і ўсталёўваць і падтрымліваць дыялог са светам, нават калі гэта здаецца немагчымым, сказаў Папа, адказваючы на пытанні журналістаў, што стала ўжо традыцыяй пасля заканчэння яго замежных падарожжаў.

Таксама Пантыфік паўтарыў сваю думку пра важнасць прыходу новых пакаленняў палітыкаў. Маладыя палітыкі, па словах Папы, «не баяцца зыходзіць з уласнага “я”, не адмаўляюцца ад яго», а наадварот, смела ідуць на дыялог, і ў гэтым з іх варта браць прыклад. У палітыцы, адзначыў Святы Айцец, патрэбны таксама дыялог паміж пакаленнямі, і, магчыма, гэта дапаможа пераадолець расчараванне еўрапейцаў.

Папа яшчэ раз выказаў заклапочанасць ростам міжнароднага тэрарызму, асабліва ў кантэксце пагроз з боку Ісламскай дзяржавы. Пантыфік дадаў, што, аднак, ніколі не губляе надзею, нават калі здаецца, што няма ніякіх шанцаў для дыялогу.

Па словах Папы, тэрарызм з’яўляецца толькі адной з пагроз, а іншая трывожная з’ява — сучаснае рабства, гандаль людзьмі, дзецьмі. «Гэта трагедыя, і мы не можам заплюшчваць на гэта вочы!» — сказаў Святы Айцец і дадаў, што разам з тэрарызмам, які ажыццяўляецца асобнымі групоўкамі, ёсць і яшчэ адзін, за якім стаяць дзяржавы, а кожная краіна адчувае права на падаўленне тэрарыстаў, у выніку чаго пакутуюць таксама нявінныя людзі. «Гэта высокага ўзроўню анархія, што вельмі небяспечна», — сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што ні адна краіна не мае права бароцца з агрэсарам так, як ёй хочацца.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.