Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак звярнуўся да лідараў краін «Групы 20»
Святы Айцец
11.11.2014 16:28

Папа Францішак напісаў ліст прэм’ер-міністру Аўстраліі Тоні Эботу, які будзе старшынёй на 9-м саміце лідараў краін «Групы 20», што пройдзе 15-16 лістапада ў Брысбене (Аўстралія). Пантыфік вітае тое, што форум сканцэнтруецца на намаганнях па аднаўленні ўстойлівага і стабільнага росту сусветнай эканомікі, і нагадвае, што тут «фундаментальным імператывам з’яўляецца стварэнне годнай і стабільнай занятасці для ўсіх».

«Я прасіў бы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў “G20” не забыцца, што за гэтымі палітычнымі і тэхнічнымі дыскусіямі стаіць шмат жыццяў, і будзе сапраўды шкада, калі гэтыя абмеркаванні застануцца толькі на ўзроўні дэкларацый прынцыпаў», — напісаў Святы Айцец. Папа нагадаў, што «ва ўсім свеце, не выключаючы краін “G20”, ёсць вельмі шмат асоб, якія пакутуюць ад недаядання, прысутнічае рост колькасці беспрацоўных, існуе надзвычай высокі працэнт маладых людзей, якія не маюць працы, ідзе пашырэнне сацыяльнай ізаляцыі, якая можа прывесці да злачыннай дзейнасці і нават вярбоўкі тэрарыстамі», ёсць прыблемы з навакольным асяроддзем.

Па словах Пантыфіка, увесь свет чакае ад «Вялікай дваццаткі» «больш шырокага пагаднення», якое можа прывесці, у рамках прававой сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, да канчатковага спынення несправядлівай агрэсіі, накіраванай на розныя рэлігійныя і этнічныя групы, уключаючы меншасці, на Блізкім Усходзе.

Папа заклікаў да «ліквідацыі карэнных прычын тэрарызму» — беднасці, недастатковага развіцця і выключэння. Пантыфік адзначыў, што міжнародная супольнасць і ў прыватнасці дзяржавы-члены «G20» павінны падумаць таксама пра неабходнасць абароны грамадзян усіх краін ад форм агрэсіі, якія менш відавочныя, але не менш рэальныя і сур’ёзныя. Тут гаворка ідзе пра злоўжыванні ў фінансавай сістэме, якія, у прыватнасці, прывялі да крызісу 2008 года. Адказнасць за бедныя і самыя слабыя слаі насельніцтва павінна быць істотным элементам любога палітычнага рашэння, на нацыянальным ці міжнародным узроўні, дадае Святы Айцец.

Пантыфік паабяцаў працы форуму сваю малітоўную падтрымку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.