Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі народных рухаў
Святы Айцец
28.10.2014 22:44

28 кастрычніка Папа Францішак удзяліў аўдыенцыю ўдзельнікам Сусветнай сустрэчы народных рухаў – форума, арганізаванага ў Ватыкане для прадстаўнікоў аб’яднанняў бедных рабочых і сялян, людзей, не маючых зямлі і даху над галавой, карэнных народаў Лацінскай Амерыкі, вымушаных жыць і працаваць на перыферыях грамадства і бараніць уласныя інтарэсы, кансалідуючыся ў народныя рухі, не маючы права на арганізацыю традыцыйных прафсаюзаў.

Папа Францішак, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, падтрымліваў блізкія адносіны з народнымі рухамі ў Аргенціне і клапаціўся аб іх душпастырстве.

Падчас сустрэчы Пантыфік выказаў падтрымку бедным і маргіналізаваным і асудзіў сацыяльныя дысбалансы, створаныя “глабалізацыяй абыякавасці”, эгаізмам і прагай нажывы.

“Зямля, дах, праца. Дзіўна, але калі кажу пра гэтыя рэчы камусьці, можа падавацца, што Папа з’яўляецца камуністам. Не ўсведамляюць, што любоў да бедных знаходзіцца ў цэнтры Евангелля”, - сказаў Пантыфік. Зямля, дах над галавой і праца – гэта “сакральныя правы” чалавека, падкрэсліў Папа. Святы Айцец асудзіў фінансавыя спекуляцыі на прадуктах харчавання ў той час, калі мільёны людзей паміраюць ад голаду, а гаворачы пра жыццё сучасных вялікіх гарадоў, падверг крытыцы стварэнне шматлікіх месцаў для шчаслівых меншасцяў, у той час як не маюць дамоў “тысячы нашых блізкіх, уключаючы дзяцей”.

“Не існуе матэрыяльнай беднасці горшай за тую, якая не дазваляе зарабляць на хлеб і пазбаўляе годнасці працы”, - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў пра праблему беспрацоўя сярод моладзі, якая з’яўляецца вынікам эканамічнай сістэмы, дзе даброты ставяцца вышэй за чалавека; пра выкіданне на ўзбочыну жыцця дзяцей і пажылых людзей; выказаў падтрымку катэгорыям працаўнікоў, якім забараняецца аб’ядноўвацца ў прафсаюзы. “Сёння хачу далучыць мой голас да вашага і суправаджаць вас у вашай барацьбе”, - дадаў Пантыфік.

Папа асудзіў таксама злоўжыванне экалогіяй, вырубку лясоў, якая праз прыродныя катаклізмы прыводзіць да пакутаў мільёнаў людзей. Пантыфік нагадаў, што рыхтуе энцыкліку, прысвечаную экалагічным праблемам, і запэўніў, што турботы членаў “народных рухаў” будуць у ёй улічаны.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец пажадаў, каб не было сем’яў – без дамоў; сялян – без зямлі; рабочых – без правоў і людзей без годнасці, якую дае праца.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.