Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «пажыццёвае зняволенне» — гэта схаванае смяротнае пакаранне
Святы Айцец
24.10.2014 12:08

Хрысціяне і ўсе людзі добрай волі «пакліканы сёння змагацца не толькі з ужываннем смяротнага пакарання», ва «ўсіх яго формах», але і на карысць паляпшэння ўмоў утрымання зняволеных, адзначыў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для членаў Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права, якіх прыняў 23 кастрычніка.

Святы Айцец крытычна ахарактарызаваў заклікі да «насілля і публічнай або асабістай помсты», якія распаўсюджваюцца некаторымі палітычнымі сектарамі і СМІ, што шукаюць «казлоў адпушчэння», вінаватых ва ўсіх бедах супольнасці. У апошнія дзесяцігоддзі распаўсюдзілася перакананне, што публічнае пакаранне можа вырашыць самыя разнастайныя сацыяльныя праблемы, нібыта ад розных хваробаў могуць падысці адны і тыя ж лекі, сказаў Папа.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на праблему смяротнага пакарання. Немагчыма, каб сёння краіны не маглі знайсці спосабу спынення несправядлівага агрэсара, акрамя як яго забойства, лічыць Папа. Таксама Пантыфік асудзіў «пазасудовыя» і «пазазаконныя» пакаранні, якія ажыцяўляюцца не толькі прадстаўнікамі дзяржаў, але і структур непрызнаных такімі, што ўяўляе сабой сапраўднае злачынства. Пакаранне смерцю, па словах Папы, павінна выключацца, бо можа быць здзейснена ў выніку судовай памылкі, а таксама выкарыстоўвацца таталітарнымі і дыктатарскімі рэжымамі ў якасці прылады барацьбы з палітычным іншадумствам, пераследу рэлігійных і культурных меншасцяў. Святы Айцец лічыць «схаваным смяротным пакараннем» пажыццёвае зняволенне. Па гэтай прычыне яно нядаўна было выключана з Крымінальнага кодэксу Ватыкана, дадаў Папа.

Пантыфік крытычна паставіўся да зняволення як прэвентыўнай меры, адзначыўшы, што яно спрыяе павелічэнню колькасці «асуджаных без павагі да працэсуальных правілаў». У некаторых краінах яна складае да 50% ад усіх зняволеных.

Папа параўнаў з катаваннямі практыку ізаляцыі асуджаных у турмах асаблівага рэжыму, якая выклікае «псіхічныя і фізічныя» пакуты і часта даводзіць да суіцыдаў, і заўважыў, што сапраўдныя катаванні сёння здзяйсняюцца не толькі ў падпольных цэнтрах зняволення ці сучасных канцэнтрацыйных лагерах, але і ў турмах, установах для непаўналетніх, псіхіятрычных бальніцах, паліцэйскіх камісарыятах і іншых структурах утрымання і пакарання.

На думку Пантыфіка, ад цяжараў турмы павінны быць вызвалены дзеці і прынамсі часткова пажылыя, хворыя, цяжарныя жанчыны, інваліды, маці і бацькі, якія з’яўляюцца адзінымі адказнымі за дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Папа Францішак асудзіў феномен гандлю людзьмі, прычына якога ў шырокай беднасці, і карупцыю, якая з’яўляецца «злом большым за грэх» і выклікае вялікія сацыяльныя беды.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.