Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У межах візіту ў Албанію Папа ўзначаліў Імшу ў цэнтры Тыраны
Святы Айцец
21.09.2014 19:33

21 верасня ў межах візіту ў Албанію Папа Францішак узначаліў святую Імшу на плошчы Маці Тэрэзы ў цэнтры Тыраны. Мучанікі эпохі камунізму і заклік да евангелізацыі – гэтыя дзве тэмы былі ў цэнтры гаміліі Пантыфіка.

“Тыя, хто баяўся праўды і свабоды, рабілі ўсё магчымае, каб выдаліць Бога з сэрца чалавека і выкрэсліць Хрыста і Касцёл з гісторыі Албаніі, якая была адной з першых, хто атрымаў святло Евангелля”, - адзначыў Папа, гаворачы пра скаладаную гісторыю краіны, звязаную з забаронай рэлігіі камуністычнымі ўладамі. Пераасэнсоўваючы дзесяцігоддзі цяжкіх пакутаў і зверскага пераследу католікаў, праваслаўных і мусульман, Святы Айцец падкрэсліў, што “Албанія стала зямлёй мучанікаў: многія біскупы, святары, законнікі і свецкія вернікі заплацілі жыццём за сваю вернасць”. “Колькі хрысціян не скарыліся перад пагрозамі, але без ваганняў працягнулі крочыць шляхам, які выбралі. Духоўна пахіляюся перад мурам на могілках у Скутары – сімвалам мучаніцтва католікаў – дзе адбываліся расстрэлы, і ўскладаю перад ім кветкі малітвы, вечнага і ўдзячнага ўспаміну”, - сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, сёння дзверы Албаніі зноў адчынены і кожны ахрышчаны пакліканы абвяшчаць Евангелле. “Касцёле, які жывеш на гэтай албанскай зямлі, дзякую за твой прыклад вернасці Евангеллю! Многія твае сыны і дочкі пакутавалі за Хрыста, аж да аддання жыцця. Іх сведчанне няхай падтрымлівае твае крокі на шляху любові, свабоды, справядлівасці і міру, цяпер і ў будучыні”, - пажадаў Святы Айцец.

У літургіі прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў, сярод якіх былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.