Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агучаны падрабязнасці візіту Святога Айца ў Албанію
Святы Айцец
15.09.2014 16:34

Візіт Папы Францішка ў Албанію, які адбудзецца 21 верасня 2014 г., мае дзве галоўныя мэты: ушанаванне памяці мучанікаў ваяўнічага атэізму і падтрымка далейшага мірнага суіснавання паміж прадстаўнікамі розных рэлігій. Пра гэта распавёў журналістам кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Паездка ў Албанію стане IV Апостальскім падарожжам Святога Айца за межы Італіі. Акрамя таго, Албанія стане першай краінай еўрапейскага кантынента, якую наведае Папа Францішак. Візіт Пантыфіка ў гэтую маленькую балканскую дзяржаву будзе суправаджаць успамін пра дзве вялікія постаці: св. Яна Паўла ІІ, дзякуючы якому адбылося адраджэнне мясцовага Касцёла, і Маці Тэрэзу з Калькутты, якую лічаць сапраўднай нацыянальнай гераіняй не толькі мясцовыя католікі. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы нагадаў, што Ян Павел ІІ наведаў Албанію 25 красавіка 1993 г, хутка пасля падзення камуністычнага рэжыму, і тады, у паўразбураным і зняважаным катэдральным касцёле Скутары – некалі самай вялікая каталіцкай святыні на Балканах, - удзяліў пасвячэнне чатыром біскупам, чым даў пачатак іерархічнаму аднаўленню Касцёла ў Албаніі.

Візіт Папы Францішка, як і яго папярэдніка, будзе аднадзённым. Пантыфік наведае толькі сталіцу дзяржавы, Тырану. Акрамя іерархаў, у склад афіцыйнай дэлегацыі, згодна з нядаўна ўведзенай Папам традыцыяй, увойдзе адзін са звычайных ватыканскіх служачых – на гэты раз супрацоўнік фотаслужбы газеты “L’Osservatore Romano”.

Падарожжа пачнецца каля 7.30. Па прыбыцці ў Тырану Папа сустрэнецца з Прэзідэнтам краіны, якому ўручыць каштоўны дар – факсімільную копію першага імшала на албанскай мове, надрукаванага ў 1555 г., арыгінал якога захоўваецца ў Апостальскай бібліятэцы Ватыкана.

Эўхарыстыю Пантыфік будзе цэлебраваць на плошчы Маці Тэрэзы, у цэнтры Тыраны. Святы Айцец будзе перамяшчацца на адкрытым і небраніраваным “папамабілі”, якім карыстаецца падчас аўдыенцый у Рыме. Прамова Пантыфіка перад малітвай “Анёл Панскі” будзе скіравана да моладзі. Пасля абеду з мясцовымі каталіцкімі біскупамі ў будынку Апостальскай нунцыятуры Папа правядзе тры важныя сустрэчы: у Каталіцкім універсітэце - з лідарамі мясцовых рэлігійных супольнасцяў, у катэдральным касцёле – з духавенствам, а ў цэнтры для дзяцей-сірот “Бэтанія” – з сацыяльнымі супрацоўнікамі, дабрачынцамі і самімі дзецьмі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.