Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўзначаліў Імшу пасхальнай вігіліі і ўдзяліў хрост беларусцы
Святы Айцец
20.04.2014 20:45

Вярнуцца, каб сустрэцца з Хрыстом, заклікаў Папа Францішак падчас літургіі пасхальнай вігіліі, якую ўзначаліў у базыліцы св. Пятра вечарам 19 красавіка 2014 г. Падчас яе Святы Айцец удзяліў сакрамэнт хросту дзесяці асобам, у тым ліку адной беларусцы Юліі Дземянчук.

У гаміліі Пантыфік нагадаў, што ў апавяданні пра ўваскрасенне Пана двойчы узгадваецца заклік да неабходнасці вяртання ў Галілею – месца, дзе пачалася сустрэча Езуса з вучнямі. Да гэтага заклікаў анёл каля пустой магілы Хрыста, а таксама сам уваскрослы Збаўца. “Вярнуцца ў Галілею азначае перачытаць усё, пачынаючы ад крыжа і перамогі. Перачытаць усё – прапаведванне, цуды, новую супольнасць, энтузіязм і невыкананне абавязкаў, аж да здрады – перачытаць усё, пачынаючы ад канца, які ёсць новым пачаткам, ад гэтага найвышэйшага акту любові”, - заклікаў Папа.

Па словах Пантыфіка, у кожнага верніка ёсць свая “Галілея” – месца, адкуль пачаўся шлях з Езусам. Таму заклік “ісці ў Галілею” азначае зноў убачыць свой хрост, як жывую крыніцу, зачарпнуць новай энергіі з каранёў нашай веры і хрысціянскага досведу, гэта заклік вярнуцца ў тую кропку, дзе адбыўся першы дотык ласкі Божай. “Ад гэтай іскры я магу запаліць полымя на сёння, на кожны дзень, і несці цяпло і святло маім братам і сёстрам. Ад гэтай іскры запальваецца пакорная радасць, радасць, якая не прыносіць болю і разгубленасці, радасць добрая і лагодная”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў кожнага паразважаць над тым, дзе знаходзіцца яго ўласная “Галілея”, каб вярнуцца ў яе і дазволіць Богу абняць сваёй міласэрнасцю. “Гэта не вяртанне назад ці настальгія”,  падкрэсліў Пантыфік, але "вяртанне да першай любові для атрымання агню, якім Езус запаліў свет і для таго, каб несці яго ўсім, аж да краю зямлі".

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.