Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас Крыжовага шляху ў Калізеі: перад абліччам крыжа мы адчуваем сябе дзецьмі, а не рэчамі ці аб’ектамі
Святы Айцец
19.04.2014 13:56

Каля 40 тысяч чалавек з розных краін, у тым ліку дзеці і хворыя, прынялі ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі ў Вялікую пятніцу 18 красавіка. Набажэнства ўзначаліў Папа Францішак, разважанні былі падрыхтаваны італьянскім арцыбіскупам Джанкарло Брэганціні і былі прысвечаны ранам сучаснага свету: сацыяльным наступствам эканамічнага крызісу, драмам эмігрантаў, жанчын, якія сталі ахвярамі насілля, зняволеных.

Напрыканцы набажэнства Папа скіраваў да вернікаў некалькі словаў. “Бог змясціў на крыж Езуса ўвесь цяжар нашых грахоў, усе несправядлівасці, здзейсненыя кожным Каінам супраць свайго брата, усю горыч здрады Юды і Пятра, усю ганарыстасць магутных, усю пыху фальшывых сяброў. Гэта быў цяжкі крыж, як ноч для пакінутых людзей, цяжкі, як смерць дарагіх асобаў, цяжкі, таму што абагульняе ўсю пачварнасць зла”, - сказаў Пантыфік.

Тым не менш, па словах Святога Айца, гаворка ідзе пра хвалебны крыж – як світанак пасля доўгай ночы, таму што ва ўсім праяўляецца любоў Бога, большая за чалавечыя беззаконні і здрады. “У крыжы мы бачым жахлівасць чалавека, калі ён дазваляе, каб ім кіравала зло; але бачым таксама бясконцую міласэрнасць Бога, які не адносіцца да нас згодна з нашымі грахамі, але паводле сваёй міласэрнасці. Перад абліччам крыжа Езуса мы бачым настолькі блізка, што з’яўляемся вечна любімымі, што можам дакрануцца да гэтай любові рукамі; перад абліччам крыжа адчуваем сябе “дзецьмі”, а не “рэчамі” ці аб’ектамі”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец дадаў, што “зло не будзе мець апошняга слова, але любоў, міласэрнасць, прабачэнне”, і заклікаў памятаць пра хворых і ўсіх людзей, пакінутых пад цяжар крыжа, каб у выпрабаваннях яны знайшлі сілу для надзеі ўваскрасення і Божай любові.

Традыцыя правядзення гэтага набажэнства ў рымскім Калізеі мае амаль 40-гадовую гісторыю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.