Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
“Любіць адзін аднаго і служыць у любові - спадчына, якую нам пакінуў Езус”: Папа ўзначаліў Імшу Вячэры Пана ў рэабілітацыйным цэнтры
Святы Айцец
18.04.2014 13:02

Езус стаў слугой і пакінуў нам у спадчыну заданне “служыць адзін аднаму” ў любові - гэтая думка была ў цэнтры гаміліі Папы Францішка вечарам 17 красавіка падчас Імшы Вячэры Пана. Святы Айцец узначаліў літургію ў рымскім рэабілітацыйным цэнтры “Santa Maria della Provvidenza”, падчас яе абмыўшы ногі 12 асобам розных узростаў, нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

Усе яны з’яўляюцца пацыентамі італьянскіх медыцынскіх устаноў дабрачыннага Фонда Дона Ньёкі. У Эўхарыстыі таксама прынялі ўдзел іх сваякі, супрацоўнікі і валанцёры рэабілітацыйнага цэнтра – усяго каля 500 чалавек.

Звяртаючыся да іх, Святы Айцец нагадаў, што падчас Апошняй Вячэры Езус на развітанне пакінуў сваім вучням спадчыну: “Ён Бог і стаў слугой, нашым слугой. І гэта спадчына: таксама і вы павінны быць слугамі адзін для аднаго. Ён прайшоў гэты шлях з любові: таксама і вы павінны любіць адзін аднаго і служыць у любові. Гэта спадчына, якую нам пакінуў Езус”.

Папа Францішак падкрэсліў, што жэст абмывання ног сімвалічны: “так рабілі рабы, слугі тых, хто збіраўся за сталом, людзей, якія прыходзілі на абед”, таму што ў тыя часы “ўсе дарогі былі земляныя, і калі ўваходзілі ў дом, было неабходна абмыць ногі”. Такім чынам, па словах Пантыфіка, Езус выканаў жэст, які рабілі слугі, і пакінуў яго сённяшнім людзям як спадчыну.

“Таму Касцёл сёння, калі ўзгадваецца Апошняя Вячэра, калі Езус устанавіў Эўхарыстыю, таксама ў цырымоніі чыніць жэст абмывання ног, які нагадвае нам, што мы павінны быць слугамі для іншых”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў усіх ва ўласным сэрцы падумаць пра іншых і пра любоў, якую паводле просьбы Езуса мы павінны мець паміж сабой, “падумаць таксама, як можам служыць лепш, іншым людзям”, “таму што Езус хацеў гэтага ад нас”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.