Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак узначаліў Імшу Пальмовай нядзелі
Святы Айцец
13.04.2014 16:09

Вялікі тыдзень пазначаны пытаннем: я падобны да Юды і Пілата або Марыі, Сымона кірынейца і жанчын, якія заставаліся з Езусам аж да самай Яго смерці? З такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якая адбылася ў Пальмовую нядзелю 13 красавіка.

У літургіі прынялі ўдзел каля 60 тысяч чалавек. Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з шэрагам пытанняў, якія тычацца адносінаў з Езусам і бліжнімі, духоўнага і сацыяльнага жыцця. “Хто я? Хто я перад Панам? Хто я перад Езусам, які ўваходзіць у Ерузалем? Ці здольны я выказаць маю радасць і праслаўляць Яго? Ці дыстанцуюся? Хто я перад Езусам, які пакутуе?” “Вучні, якія нічога не разумелі і заснулі ў той час, калі Пан пакутаваў. Ці маё жыццё санлівае? Ці мы як вучні, якія не разумелі, чым можна здрадзіць Езусу? Як той вучань, які хацеў вырашыць усё мечам: ці я падобны да іх? Ці я падобны да Юды, якія рабіў выгляд, што любіць і цалаваў Настаўніка, каб Яго схапілі, каб здрадзіць Яму? Ці я здраднік? Ці я падобны да тых кіраўнікоў, якія спяшаліся арганізаваць суд і шукалі фальшывых сведкаў: ці я падобны на іх?” – задаў пытанні Папа.

Паводле Пантыфіка, кожнаму варта падумаць: ці падобны я да Пілата, які перад абліччам складанай сітуацыі ўмыў рукі, не жадаў прыняць на сябе адказнасць і дазволіў асудзіць Хрыста?

Папа падкрэсліў, што сярод натоўпу, які прагнуў крыві і прыніжэння бязвіннай ахвяры Хрыста, былі і “светлыя абліччы”, якія павінны стаць прыкладам для кожнага хрысціяніна. Сярод іх Сымон кірынеец, які “вяртаўся з працы, стомлены, але меў добрае жаданне дапамагчы Езусу несці крыж”, адважныя жанчыны, як Маці Езуса Марыя, якія пакутавалі моўчкі, Юзаф, таемны вучань, які аднёс цела Езуса з любоўю, каб пахаваць. “Ці падобны я да гэтых дзвюх жанчын, Марый, якія засталіся каля дзвярэй грабніцы, плачучы, молячыся? (...) Дзе маё сэрца? Да каго з гэтых асобаў я падобны? Няхай гэтае пытанне суправаджае нас падчас гэтага тыдня”, - пажадаў вернікам Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.