Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: новыя святыя заклікаюць нас любіць, як Езус палюбіў
Святы Айцец
12.05.2013 14:10

12 мая папа Францішак правёў сваю першую кананізацыю. Пантыфік абвясціў святымі 800 мучанікаў з італьянскага Атранта, якія аддалі жыццё за веру напрыканцы XV ст., а таксама дзвюх заснавальніц манаскіх супольнасцяў з Лацінскай Амерыкі: калумбійку Лаўру ад св. Кацярыны Сіенскай і мексіканку Марыю Гвадалупэ.

Паводле Папы, новыя святыя з’яўляюцца яскравымі прыкладамі вернасці Хрысту і ўказваюць на неабходнасць «абвяшчаць Яго словам і жыццём, праз сведчанне аб любові Бога сваёй любоўю да ўсіх». Пантыфік нагадаў, што слова Божае заклікае быць вернымі Хрысту аж да мучаніцтва, і звярнуў увагу на адвагу 800 мужчын, якія ў 1480 г. дабраахвотна прынялі смерць ад рук турэцкіх захопнікаў, але не адракліся ад хрысціянскай веры.

«Адкуль мучанікі з Атранта чэрпалі адвагу, каб заставацца вернымі? Ад веры, якая дазваляе бачыць далей за межы нашага чалавечага позірку, далей за межы зямнога жыцця, дазваляе сузіраць “адкрытыя нябёсы”, — як кажа св. Стэфан, — і жывога Хрыста праваруч Айца. Дарагія сябры, будзем захоўваць веру, якую атрымалі, абновім нашу вернасць Пану, нават сярод перашкодаў і непаразуменняў; Бог нам заўсёды дасць дастаткова сілы і спакою», — сказаў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Пантыфік нагадаў пра евангелізацыйную дзейнасць у Калумбіі, якую вяла св. Лаўра ад Кацярыны Сіенскай. Папа адзначыў, што яна была «настаўніцай», а затым «духоўнай маці індзейцаў».

«Гэтая першая святая, народжаная на цудоўнай калумбійскай зямлі, вучыць нас быць шчодрымі з Богам, не жыць верай у адзіноце – так, нібыта гэта магчыма, — але перадаваць яе, несці радасць Евангелля словам і жыццёвым сведчаннем ва ўсе асяродкі, у якіх знаходзімся, — адзначыў Святы Айцец. — Яна вучыць нас бачыць аблічча Езуса, адлюстраванае ў іншым, перамагаць абыякавасць і індывідуалізм, які раз’ядае хрысціянскія супольнасці і наша сэрца. Яна вучыць нас прымаць усіх без прадузятасці, дыскрымінацыі, абмежаванняў, але з сапраўднай любоўю, дорачы ім лепшае, што ёсць у нас, і асабліва дзелячыся з імі самым дарагім, што маем. Гэта не нашы справы і арганізацыі. Не! Самае каштоўнае, што маем – гэта Хрыстус і Яго Евангелле».

Папа Францішак падкрэсліў, што нават мучаніцтва і місіянерская дзейнасць губляюць “хрысціянскі водар”, калі не напоўнены міласэрнай любоўю. У сувязі з гэтым ён расказаў пра трэцюю святую, якую узнёс да хвалы алтара, – мексіканку Марыю Гвадалупэ. Пантыфік звярнуў увагу на адданасць з якой яна служыла бедным.

«Гэтая новая мексіканская святая заклікае нас любіць, як Езус нас палюбіў. Гэта значыць не закрывацца ў сабе, сваіх праблемах, ідэях, інтарэсах, у гэтым маленькім свеце, які робіць столькі шкоды, але выходзіць на сустрэчу з тымі, хто патрабуе ўвагі, разумення, дапамогі, каб несці ім цеплыню блізкасці любові Бога, праз пяшчотныя жэсты, шчырую прывязанасць і любоў», — сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, новыя святыя запрашаюць кожнага верніка спытаць самога сябе, “наколькі я верны Хрысту”, “ці ўважлівы да бліжніх, ці заўважаю тых, хто ў патрэбе, ці бачу братоў і сясцёр, якіх трэба любіць”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме