Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад у АБСЕ: неталерантнасць да хрысціян расце
Дзяржава Ватыкан
20.12.2016 09:27

Намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі прыняў удзел у канферэнцыі на тэму неталерантнасці і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысціян.

Форум прайшоў 14 снежня ў сядзібе Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у Вене.

Ксёндз Антуан Камільеры нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што свабода вызнаваць уласную веру з’яўляецца «цэнтрам саміх правоў чалавека».

Калі парушаецца свабода веравызнання, узнікае ўрадлівая глеба для парушэння ўсіх іншых правоў, што перашкаджае і пагражае грамадскаму суіснаванню і можа прывесці да насілля і канфкліктаў, нават паміж дзяржавамі, заўважыў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на сітуацыю хрысціян у Сірыі і Іраку, дзе здзейсняюцца настолькі «лютыя акты ў адносінах да хрысціян», што «цяжка знайсці адпаведныя словы».

«Іх пакуты не павінны быць забытымі», — сказаў ён. Дыпламат нагадаў таксама пра сітуацыю егіпецкіх коптаў, якія некалькі тыдняў таму ў чарговы раз сталі ахвярамі гвалтоўнага экстрэмізму і тэрарызму.

Хрысціяне церпяць пераслед таксама ў краінах-членах АБСЕ, заўважыў кс. Камільеры. Ён адзначыў факты наўмыснага разбурэння касцёлаў, капліц і іншых памяшканняў, акты вандалізму ў адносінах да рэлігійных сімвалаў, выкрадання і блюзнерскіх дзеянняў у адносінах да рэчаў, якія для хрысціян маюць сакральны характар. Такія ўчынкі часта бываюць праявамі сапраўднай неталерантнасці, маюць злачынны характар і выклікаюцца забабонамі, падкрэсліў святар.

Пра «адукаваныя» метады дыскрымінацыі

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі звярнуў таксама ўвагу на існаванне «адукаваных»метадаў дыскрымінацыі, да якіх аднёс маргіналізацыю рэлігіі з боку тых, хто жадае прымусіць яе прадстаўнікоў да маўчання і абмежаваць яе толькі сферай прыватнага жыцця.

«Пад выглядам “палітычнай карэктнасці”, вера і хрысціянская этыка лічацца варожымі і нахабнымі, і такім чынам абавязанымі быць выключанымі з публічнага дыскурса», — сказаў кс. Камільеры.

Напрыканцы сваёй прамовы дыпламат нагадаў, што вера можа спрыяць павазе да фундаментальных свабод і правоў чалавека, аказваць падтрымку дэмакратыі і прававой дзяржаве, а таксама садзейнічаць пошуку праўды і справядлівасці.

«Дыялог і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі і з рэлігіямі з’яўляюцца важным інструментам для ўмацавання бяспекі, даверу, прымірэння, павагі і ўзаемнага разумення, а таксама спрыяння міру», — сказаў намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.